Просим Ваших молитв! О здравии: Святейшего Патриарха Кирилла, митрополитов Пантелеимона, Исидора, Игнатия, Кирилла, Викентия, Даниила, Георгия, Иосифа, Филарета, Александра, Феодосия, архиепископов Евгения, Зосимы, Марка, епископов Максима, Тихона, Сергия, Германа, Феогноста, схиархимандрита Илия архимандрита Олега, игумена Стефания, протоиереев Александра, Александра, Димитрия и Георгия, иеромонахов Иоанна Михаила и Диомида, иереев Вячеслава, Андрея, Андрея, рабов Божиих Тамары, Андрея, Александра, Александры, Ксении, Костаса, Елизаветы, Антония, Георгия, Елены, Валерия, Екатерины, Георгия, Екатерины, Наталии, Людмилы, Константина, Юрия, Валентины, Василия, Екатерины, Татианы, Василия, Екатерины, Димитрия, Татианы, Елены, Ольги, Николая, Никиты, Анны, Надежды, Елизаветы, Алексея, Наталии, Андрея, Николая, Михаила, Николая, Лидии, Георгия, Александра, Николая, Николая, Михаила, Андрея, Пантелеимона, Павла, Елизаветы, Марии, Никиты, Илии, Татианы, Петра, Георгия, Бориса, Сергия, Сергия, Александра, Николая, Николая со братией. Об упокоении душ рабов Божиих: Юрия, Галины, Александра, Татьяны, Валентины, Димитрия, Евдокии, Леонида, Анны, Александры, Анны, Татьяны, Василия, Иоанна, Димитрия, Татьяны, Леонида, Димитрия, Веры, Ларисы, Ксении, Якова, Василия, Пелагии, Варвары, Димитрия, Григория, Иоанна, Параскевы, Георгия, Андрея, Надежды, Иоанна, Владимира, Георгия, Елены, Екатерины, Елисея, Матвея, Татьяны, Иоанна, Тараса, Степана, Михаила, Герасима, Григория, Емельяна, Поликарпа, Филиппа, Панфила, Андрея, Анны, Николая, Агапа, Евстрата, Сергия, Аскольда, Марии, Надежды, Константина, Олимпиады, Анны, Марии, Клавдии, Петра, Леонида, Димитрия, Николая, Александра, Андриана, Димитрия, Марии, Тимофея, Григория, Ефросиньи, Иоанна, Ирины, Михаила, новопреставленных Германа и Александра и всех их прародителей и усопших сродников до праотца Ноя.
Informazioni sulla Fondazione
Programmi della Fondazione
Biblioteca della Fondazione
Медиатека Фонда
Книги Семирамида на белорусском языке
Russian (CIS)English (United Kingdom)Deutsch (DE-CH-AT)Italian - ItalyGreek
There are no translations available.

  Книга Алексея Федотова "Семирамида" на белорусском языке                                

Аляксей Аляксандравіч Фядотаў

Перакладчык Галiна Канстанцінаўна Семянькова

СЕМІРАМІДА

Аповесць


Прысвячаецца іераманаху Міхаілу (Чэпелю),
без якога не было б гэтай кнігі

 

…наведаў нас Усход з неба, прасвятліць тых, хто сядзіць у цемры і цені смерці, накіраваць ногі нашы на шлях міру
Лк. 1; 78-79

Свяціцель Мікалай жыў у канцы III – пачатку IV стагоддзя. Нас аддзяляе ад яго амаль 1700 гадоў, і на працягу ўсіх гэтых стагоддзяў яго памяць беражліва захоўваецца ў Царкве, таму што ён пражыў незвычайнае жыццё, набыўшы вялікую сілу духу, і гарачай верай сваёй наблізіўся да Бога настолькі, што Бог надзяліў яго асаблівай сілай – сілай здзяйсняць цуды
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл

Калі я добра адношуся да чалавека, я магу смуткаваць аб яго грахах, але на мае адносіны да яго гэта не ўплывае
Уільям Сомерсэт Моэм

 

 

Прадмова

 

Іераманах Міхаіл (Чэпель) – чалавек незвычайнага лёсу, які аддаў усе свае сілы служэнню Царкве, праслаўленню Свяціцеля Мікалая Цудатворца, у гонар якога ім разам з Андрэем Юр’евічам Быкавым быў створаны Дабрачынны фонд. Зараз служыць у прадстаўніцтве Рускай Праваслаўнай Царквы ў Каралеўстве Тайланд. Напэўна, складана нават проста злічыць людзей, якім дапамог айцец Міхаіл, які заўсёды сціпла гаворыць у адказ на словы падзякі: “Я тут ні пры чым. Гэта ўсё Свяціцель Мікалай!” Падчас нашай апошняй сустрэчы бацюшка перадаў мне кучу спісаных ад рукі лісткоў і сказаў: “Тут вельмі складанае, зламанае жыццё жанчыны, якая, знаходзячыся нават за краем бездані, знайшла ў сабе сілы звяртацца па дапамогу да Бога, да Свяціцеля Мікалая, і цудам яе атрымала. Канец яе зямнога шляху быў мірным і шчаслівым, наколькі гэта магчыма ў яе сітуацыі, памерла яна ў згодзе з Богам і людзьмі”. Па просьбе айца Міхаіла жанчына, якой ён змог дапамагчы так, што яна, расчараваная ў людзях, убачыла ў ім зямнога анёла, на лістках без прыкрас, як публічную споведзь, апісала ўсё сваё жыццё, якое можа камусьці паслужыць у чымсьці ўрокам. Бацюшка прапанаваў мне перапрацаваць гэтыя рукапісныя матэрыялы ў аповесць, змяніўшы імёны, што я і спрабую рабіць.

 

Агонь першага кахання



Жыццё здаецца такім прыгожым, яно так многа абяцае маладой дзяўчыне, калі яна прыгожая! Нават калі яе першыя дзіцячыя ўспаміны сумныя: смерць бацькі, які пакінуў яе, чатырохгадовую, пад апекай маці, у якой была яшчэ адна дачка ад першага шлюбу; жыццё ў паўпадвале, у якім з выгод было толькі святло. Аднак ужо з адзінаццаці гадоў у Семіраміды – асірыйкі, якая нарадзілася ў Савецкім Саюзе – з’явіліся залатыя ўпрыгожванні. Яе сястра па маці Лiлiта, якая была старэйшая на пяць гадоў, тады здавалася ёй блізкім чалавекам. Іх маці Вардзія выхоўвала дачок адна, разрывалася на некалькіх работах, каб дзеці ні ў чым не мелі патрэбы. Жылі яны тады ў Растове-на-Доне, у раёне Нахічэвані.

У дзяцінстве маці расказвала Семірамідзе пра загадкавую ўсходнюю царыцу, імя якой ёй дала, і названых у гонар гэтай уладарніцы вісячых садах, што з’явіліся значна пазней і былі прызнаны цудам свету. Невядома, ці жыла чароўная ўладарка на самай справе, але гісторыя, пра якую гаварыла Вардзія, уразіла дзяўчынку.

Паводле легенды будучая царыца была дачкой асірыйскай багіні Дэркето – рыбы з чалавечай галавой і звычайнага мужчыны, каханнем да якога па нейкай прычыне багіня кахання Афрадыта пакарала Дэркето. Пасля нараджэння дачкі незвычайная маці падумала, што прынізіла сябе сувяззю са смяротным і забіла яго, сама кінулася ў возера, а дачку аднесла ў пустыню. Але дзіця не загінула: спачатку яго кармілі галубы, а потым знайшлі пастухі, якія прынеслі яго наглядчыку царскіх садоў Сіму; ім дзіця і было выхавана. З гадамі дзяўчына ўсё прыгажэла. У той час уладаром Асірыі быў цар Нін, праслаўлены воін, заваёўнік, які за сямнаццаць гадоў свайго царствавання стаў уладаром земляў ад Міжземнага мора да Індыі. Ім была пабудавана сталіца Асірыі Нінэвія, якую многія называюць найвыдатнейшым горадам у свеце. Адзін з яго набліжаных Аан закахаўся ў Семіраміду з першага погляду, ажаніўся з ёй, прывёз у Нінэвію, дзе яна нарадзіла яму двух сыноў. Ён настолькі прывязаўся да сваёй жонкі, што дня не мог без яе пражыць, таму ўзяў з сабой на вайну, у якой удзельнічаў разам з царом.

Семіраміда дапамагла хітрасцю заваяваць сталіцу Бактрыі, вось тады яе і заўважыў цар Нін. Ён таксама закахаўся ў гэтую жанчыну нечалавечай прыгажосці і запатрабаваў ад Аана, каб той аддаў яму жонку, а сам ажаніўся з яго дачкой. Аан жа не ўяўляў сабе, як жыць без той, якая стала сэнсам яго жыцця, і скончыў жыццё самагубствам.

Па адной з версій легенды, стаўшы асірыйскай царыцай, Семіраміда нарадзіла Ніну сына і стала яго добрым сябрам і дарадцам. Перад смерцю Нін прызначыў Семіраміду сваёй пераемніцай. Па іншай версіі яна, стаўшы яго наложніцай, папрасіла прызначыць яе на адзін дзень уладарніцай краіны. Ніну гэта здалося забаўным, і ён выканаў капрыз той, якую так кахаў. А яна выкарыстала гэта, каб аддаць загад аб яго забойстве... Так ці не – Семіраміда стала царыцай Асірыі. Яна працягвала палітыку Ніна – заснавала Вавілон, вяла захопніцкія вайны. Але іх сын Нінас захацеў забіць сваю маці і сам кіраваць краінай. Па адной з версій яму ўдалося гэта зрабіць, па іншай – маці сама аддала яму ўладу і пакінула гэты свет, ператварыўшыся ў галубку ...

Пра царыцу Асірыі хадзіла шмат і іншых апавяданняў, якімі разумная маці не засмечвала свядомасць юнай несапсаванай дзяўчынкі. Казачнае імя царыцы абяцала і яе цёзцы казачнае жыццё; тое, што жыццё гэтай уладарніцы нават па легендзе было не салодкім, яе не палохала. Нягледзячы на тое, што жылі яны ўсё ў тым жа падвале, дзяўчынцы здавалася, што жыццё становіцца ўсё больш падобным на казку.

Сябе яна памятала з моманту, калі яны заехалі на грузавой машыне ў нейкі двор, і яе маці адчыніла ключом дзверы, якія вялі ў паўпадвал, у якім ёй наканавана было пражыць шмат гадоў. Памятала і пахаванне бацькі з яе фатаграфіяй у руках.

Труна стаяла ў двары іх дома на дзвюх табурэтках. Вакол труны было шмат нейкіх людзей. Плакала Вардзія, яна хавала ўжо другога мужа. Семіраміда дрэнна разумела, што адбываецца: яна была яшчэ занадта малая. “Ты была для яго даражэйшай за ўсіх!” – запомніліся ёй словы маці, звернутыя да яе. І словы некага са сваякоў, які паправіў Вардзію: “Не, даражэйшай за ўсё была ты! А ў дачцэ ён любіў цябе!”

Смерць бацькі не наклала цяжкага адбітку на жыццё дзяўчынкі. Ёй усё лёгка давалася. У яе былі дзве сяброўкі, якія жылі ў суседнім доме, адна руская – Ніна, другая армянка – Карынэ. Семіраміда спявала і танчыла ў двух ансамблях – рускім і армянскім. Скончыла курсы кройкі і шыцця, пасля школы вывучылася на жаночага майстра-цырульніка. У яе і Ліліты былі дарагія рэчы, найноўшая апаратура. З боку можна было падумаць, што гэта дочкі багатых бацькоў, а між тым іх маці ва ўсім сабе адмаўляла дзеля дзяцей. Яна падабалася мужчынам, сведчаннем чаго была колькасць шлюбаў, у якія яна ўступала на працягу свайго жыцця. Ад першага нарадзілася Лiлiта, ад другога – Семіраміда. Ці то дочкі былі для Вардзіі куды больш важнымі, чым мужчыны, ці то занадта цяжка яна перажыла смерць двух мужоў, кожнага з якіх кахала, але толькі калі дзяўчынкі выраслі, яна выйшла замуж трэці раз.

Чым старэйшай станавілася Семіраміда, тым больш расцвітала яе прыгажосць, – так гаварылі на асірыйскіх святах і вяселлях, ды і ўсе вакол. Дарэчы, дзяўчына і сама сабе падабалася, заўважала, як глядзяць на яе хлопчыкі. З многімі з іх яна сустракалася, але сустрэчы былі нявінныя.

Аднойчы Семіраміда пазнаёмілася з Тыгранам, які быў на дванаццаць гадоў старэйшы за яе.

У яго была сям’я ў Ерэване, якую ён пакінуў, усё аддаўшы жонцы і сыну. У Растове-на-Доне здымаў дом, працаваў вадзіцелем-экспедытарам, развозячы па крамах каўбасныя вырабы.

Высокі, блакітнавокі, ён зачараваў сэрца юнай асірыйкі, ад якой нічога не хаваў, у тым ліку і тое, што хутка ў яго павінен адбыцца суд, дзе ён будзе выступаць у якасці абвінавачанага з прычыны нейкай бойкі.

Маладзенькая дзяўчынка не звярнула тады ўвагі на гэтыя словы, пра што горка потым шкадавала. Ёй запаміналіся зусім іншыя словы...

****



– Мая казачная царыца, нікому цябе не аддам!

Сямнаццацігадовая Семіраміда насмешліва глядзела на дарослага ўжо мужчыну, які страціў галаву ад кахання да яе, і гэта цешыла яе самалюбства.

– А ты не кінеш мяне, як сваю жонку? – як мага больш строга спытала яна.

– Не, што ты! Гэта была памылка, за якую я яшчэ доўга буду разлічвацца.

– А можа, і я – памылка?

Тыгран з цікавасцю паглядзеў на дзяўчынку, якая разважала так, быццам за плячамі яе быў ужо вялікі вопыт.

– Не, ты не памылка, ты маё першае каханне, – цвёрда сказаў ён і так паглядзеў дзяўчыне ў вочы, што яна зразумела, што гэта праўда.

– А ты – маё... – толькі і сказала яна.

Тады Тыгран і стаў першым мужчынам Семіраміды. Ні разу за сваё жыццё яна, шкадуючы пра многае, пра гэта не пашкадавала. Сонца было такім яркім у гэтыя вясновыя дні і зусім не пякло. Паветра было чыстым, халаднаваты ветрык пяшчотна трапаў валасы закаханых.

Тыгран прасіў Семіраміду пазнаёміць яго з яе маці, але Вардзіі ён не спадабаўся. Яна забараніла ім сустракацца, а дачка яе не паслухалася. Таемныя сустрэчы надавалі вастрыні адносінам. Закаханыя садзіліся ў машыну, з’язджалі кудысьці; маці часам гэта бачыла; аднак скандалы іх не спынялі. Яны чакалі яе паўналецця, каб распісацца, бо Вардзія катэгарычна адмаўлялася даць згоду на іх шлюб да паўналецця. Але аднойчы Тыгран не прыйшоў на ўмоўленае месца, не прыйшоў ён і на наступны дзень... Толькі значна пазней, калі нельга было нічога ўжо вярнуць, Семіраміда даведалася, што гэта адбылося не таму, што ён яе перастаў кахаць, а таму, што страціў волю... А тады ў яе жыцці ўсё перавярнулася. Яна падумала, што каханы кінуў яе, і ўсе мелі рацыю, кажучы, што ён з ёй гуляе... Не плакала, не білася ў істэрыцы, не паказвала, як ёй балюча, крыўдна і страшна. Як усе дзяўчынкі, яшчэ верыла тады сяброўкам, дзялілася з імі сваімі сакрэтамі.

Самай блізкай сяброўкай была Карынэ – дзяўчынка-армянка, з якой Семіраміда сябравала з дзяцінства. З ёй яна, захлёбваючыся, дзялілася сваімі сакрэтамі:

– Уяўляеш, Тыгран такі цудоўны, ён такі прыгожы, якія ў яго вочы, а як ён мяне кахае!

– А ты ўпэўнена? – стрымана адказвала Карынэ, ёй самой падабаўся Тыгран, але яна баялася выдаць сябе перад сяброўкай.

– Ну, яшчэ б не ўпэўнена! Мне ніхто такіх слоў ніколі не казаў! А як ён глядзіць мне ў вочы!

Змей рэўнасці ў гэты момант упіваўся ў сэрца маладой армянкі, хоць яна не толькі ніякіх правоў на Тыграна не мела, але і ведала яго ледзь-ледзь. Аднак шчасце сяброўкі было такім яркім, што хацелася мець такое ж, нават калі для гэтага спатрэбілася б яго ў яе адабраць.

– Мужчыны – яны такія няпростыя, – казала Карынэ ўслых, – чаму ён кінуў жонку? І дзеці для яго, відаць, не значаць зусім нічога! А ты і сама яшчэ як дзіця – такая наіўная! Пагуляе ён з табой, як з цікавай цацкай, і кіне!

– Што ты такое гаворыш! – шчасліва і бесклапотна смяялася Семіраміда. – Ён кажа, што я для яго даражэйшая за жыццё!

– Мужчыны шмат чаго кажуць, пакуль не атрымаюць тое, што ім трэба. А як атрымаюць, так і не патрэбна ім больш дзяўчына!

– Ён усё ўжо атрымаў, – чырванеючы, сказала юная асірыйка.

– Няўжо! – усклікнула сяброўка, ужо яе ненавідзячы. І тут жа з ледзь схаванай надзеяй у голасе спытала: – І што? Ён цяпер пазбягае цябе, хаваецца? Яны заўсёды так робяць!

– Не, – засмяялася Семіраміда. – Ён больш за ўсё на свеце хоча са мной ажаніцца! Толькі мама пакуль супраць... Але мне хутка васямнаццаць, у яе можна будзе не пытацца...

“Трэба будзе абавязкова пагаварыць з цёткай Вардзіяй”, – задуменна сказала сама сабе Карынэ, а ўголас прашчабятала: “Як жа я рада за цябе! Нібы гэта мая радасць!” А сама сабе падумала: “Канечне, маёй яна і будзе – разам з Тыгранам!”

Вардзія, якой Карынэ ўсё расказала, павяла дачку да гінеколага. Тэрмін цяжарнасці быў ужо чатыры з паловай месяцы; рабіць аборт было позна. Маці дамовілася, каб вызвалі штучныя роды. Дачцэ пра гэта яна расказала потым, калі ўжо пра ўсё дамовілася. Семірамідзе вельмі хацелася пакінуць і вынасіць гэтае дзіця, бацьку якога яна так кахала. Але дзяўчынка сама была такая маладая! Вардзія плакала, баялася ганьбы і асуджэння асірыйцаў. Сэрца Семіраміды гарэла, знутры сябе яна чула крык: “Пакіньце мяне, гэта маё жыццё!” Але знешне ніяк гэтага не паказвала. Як у сне прайшлі штучныя роды ў нейкім пакоі. Маладая маці не разумела: ці з ёй усё гэта адбываецца? Нарадзіўся мёртвы хлопчык з далоньку велічынёй. Тая, якая ўсяго праз некалькі месяцаў магла б нармальна нарадзіць яго, з жахам глядзела на сына і думала: як жа можна рашаць за іншых, жыць ім ці не?

Маладая асірыйка загарнула сына ў анучку, паклала ў кішэню, і так некалькі дзён усюды насіла яго з сабой. Яе свядомасць была затуманена. Яна раз-пораз даставала анучку з кішэні, глядзела на цельца, нешта гаварыла... Яе фантазіі малявалі зусім не тое, што яна бачыла: вось яны з Тыгранам разам у вялікім прасторным пакоі, а з імі іх сын, вось яна спявае яму калыханкі, вось ён поўзае, спрабуе рабіць першыя крокі, а вось яна вучыць яго гаварыць, вось ён ужо вымаўляе першыя словы, вось ён ужо пайшоў у школу. У шчаслівых вачах Тыграна гонар за сына... І тут свядомасць вярталася. І зноў перад ёй малюсенькі трупік, які ўсяго праз некалькі месяцаў мог бы стаць яе жаданым хлопчыкам. Слёзы наварочваліся на вочы, але ад унутранага болю, які спальваў усё ўнутры, дзяўчынка, якая раптам стала дарослай, не магла нават плакаць. Яна насіла з сабой усюды маленькае мёртвае дзіця і жыла ў свеце мрой, пакуль яно не пачало раскладацца і маладая маці не зразумела, што трэба яго пахаваць. Семіраміда вымыла яго, выкапала ямку, у якой і пахавала свайго сына.

Здавалася, сама прырода хоча павялічыць яе пакуты. Пякучае сонца сляпіла, духата не давала дыхаць, сляпні кружыліся вакол яе роем і неміласэрна джалілі. Але няшчасная не адчувала болю.

Так скончыліся яе першае каханне і першае мацярынства; іх боль яна пранесла праз усё жыццё.

Толькі праз гады яна даведалася, што яе каханы, адбыўшы пакаранне – шэсць месяцаў, шукаў яе, пытаўся пра яе ў Карынэ. А той самай хацелася б яго займець сабе. Яна нагаварыла яму, што Семіраміда кахае іншага, што ён ёй не патрэбны... У выніку Тыгран з’ехаў, а тая, для каго ён стаў першым мужчынам, так і марыла пра яго ўсё жыццё, якое магло быць зусім іншым, калі б застаўся жыць іх сын, ды і проста калі б яны былі разам. Хіба не дачакалася б яна яго нейкіх шэсць месяцаў, калі б толькі ведала? Ды колькі заўгодна можна было чакаць! Але... калі Семіраміда даведалася пра вераломства сяброўкі, ужо вельмі шмат што змянілася, а галоўнае – змянілася яна сама, і ў яе не было сілы шукаць таго, хто назаўсёды застаўся ў яе сэрцы.


Новыя выпрабаванні


Між тым дзядзька знайшоў ёй у Маскве жаніха, хутка яны павінны былі прыехаць. Але сярод асірыйцаў лічылася ганьбай, калі нявеста не цнатлівая, таму Семіраміда вырашыла тэрмінова выйсці замуж за любога чалавека іншай нацыі. “Прыгожая ўсім патрэбная, ды і маці лягчэй усё перанясе!” – думала яна. Знайсці мужа сапраўды аказалася няцяжка. Нахічэванскі армянін Роберт, на чатыры гады старэйшы за нявесту, якой васямнаццаць павінна было споўніцца праз два месяцы, хутка зрабіў ёй прапанову, на што яго падштурхнула яе новая цяжарнасць (як ён думаў, першая). Адбыліся вяселле і вянчанне, на якія прыехала больш за трыста чалавек радні з розных месцаў. Усе весяліліся, танчылі, пілі, толькі нявеста была сумнай – плакала, але слёзы цяклі як бы ўнутр яе: знешне дзяўчына здавалася спакойнай. Ёй было незразумела, чаму той, каго яна ўсім сэрцам кахала, не падыходзіў у якасці мужа, а гэты падышоў...

Пачалося сямейнае жыццё, якое прынесла новыя выпрабаванні. Прапісана Семіраміда была ў тым жа падвале, дзе нарадзілася, а жыла ў мужа з яго бацькамі. Свёкар і свякроў аказаліся залатымі, а вось муж – злодзеем-кішэннікам. Шлюб быў нядоўгім і скончыўся, ледзь пачаўшыся.

“Я не дзекабрыстка ездзіць за ім па турмах і ссылках!” – заявіла маладая жонка і вырашыла сысці да маці. А тая змагла з гэтага атрымаць пэўную выгаду для сям’і.

Новы муж Вардзіі быў хворы, а тут яшчэ цяжарная Семіраміда вярнулася да яе. Усё гэта дапамагло маці дабіцца трохпакаёвай кватэры, хоць у Маскву не раз давялося з’ездзіць і прасіць у самых розных кабінетах.

Унук Вардзіі Вардгес нарадзіўся ўжо ў новай кватэры. Калі яму споўнілася паўтара месяца, яго маці і бацька развяліся. Семіраміда не працавала і сядзела з сынам дома. У іх была вялікая бібліятэка, маладая асірыйка амаль усю яе прачытала .

Часам ёй падабалася варажыць на кнігах: яна брала першую, якая трапляла пад руку, разгортвала наўгад і, пачаўшы адтуль, куды падаў позірк, чытала амаль цэлую старонку, прымяраючы яе змест на сваю будучыню. У глыбіні душы жанчына адчувала, што робіць нешта не тое; што нават такая нявінная спроба прыадчыніць заслону таямніцы над тым, што адбудзецца з ёй, з’яўляецца чымсьці недазволеным, што можа прывесці да дрэнных наступстваў; але нерэалізаванае рэлігійнае пачуццё патрабавала хоць такога выхаду. Да пэўнага часу тыя радкі, якія яна чытала, цешылі яе ўяўленне, таму што абяцалі нешта добрае. Звычайна цікаўнасць прымушала яе паглядзець і аўтара, і назву кнігі, і год выдання. Аднойчы Семіраміда разгарнула наўгад першы том двухтомніка Оскара Уайльда 1961 года выпуску. І ў адной з казак гэтага англійскага пісьменніка ў канцы трыста пяцьдзясят сёмай – пачатку трыста пяцьдзясят восьмай старонкі прачытала вось што:

“І яна сказала маладому Рыбаку:

– Я гаварыла табе пра радасці свету гэтага, але не чула мяне вуха тваё. Дазволь мне цяпер расказаць табе пра смутак чалавечага жыцця, і, можа быць, ты пачуеш мяне. Бо сапраўды Смутак ёсць уладар гэтага свету, і няма ні аднаго чалавека, хто пазбегнуў бы яго сетак. Ёсць такія, у якіх няма адзення, і такія, у якіх няма хлеба. У пурпур апрануты іншыя ўдовы, а іншыя апрануты ў лахманы. Пракажоныя блукаюць па балотах, і яны жорсткія адзін да аднаго. Па вялікіх дарогах бадзяюцца жабракі, і торбы іх пустыя. У гарадах па вуліцах гуляе Голад, і Чума сядзіць каля гарадской брамы”.

...Семіраміда здрыганулася. “Дагулялася!” – падумала яна, і прадчуванне чагосьці дрэннага жалезным абручом сцягнула яе сэрца. “Можа, проста не тую кнігу я ўзяла?” – падумала яна і наўгад зняла з паліцы іншую кнігу. Гэта быў “Чалавек, які смяецца” Віктара Гюго 1969 года выдання. На пяцьсот семдзесят шостай старонцы Семіраміда прачытала: “Каб вы толькі ведалі, што прыйшлося мне бачыць! Якія пакуты – там, унізе! Род чалавечы заключаны ў вязніцу. Колькі ў ім асуджаных, ні ў чым не вінаватых! Яны пазбаўлены святла, пазбаўлены паветра, яны пазбаўлены мужнасці; у іх няма нават надзеі; але страшней за ўсё тое, што яны ўсё ж такі чакаюць чагосьці. Аддайце сабе справаздачу ва ўсіх гэтых бедствах. Ёсць істоты, чыё жыццё – тая ж смерць”.

Пасля гэтага Семірамідзе стала зусім дрэнна. Бо ішоў спакойны перыяд яе жыцця. Здавалася, што ўсё дрэннае засталося ў мінулым; недзе там засталося і добрае – Тыгран і магчымае шчасце з ім, але сярод сытага і бесклапотнага жыцця гэта здавалася чымсьці, што адбылося не з ёй, што ўзята з прачытаных за апошні час кніг... Адкуль бяруцца грошы ў яе маці і айчыма, маладая жанчына не задумвалася. Яны ўвесь час з кімсьці сустракаліся, нешта куплялі, усё здавалася такім цывільным і прыстойным – зусім не такім, як у кішэнніка Роберта, якому ўсё сыходзіла з рук. А вось прыстойнага хваравітага айчыма арыштавалі і хутка асудзілі, праз некаторы час арыштавалі і маці. А яны ўсяго толькі дрэннага зрабілі, што ўмелі жыць, у іншы час і ў іншым месцы паважанымі людзьмі былі б, а вось у Савецкім Саюзе пайшлі пад суд.

Ліліта выйшла замуж за абхазца. Следства па справе Вардзіі цягнулася ажно паўтара года. І ўвесь гэты час патрэбны былі грошы на адвакатаў, радня не дапамагала – наадварот, імкнулася як мага танней скупіць тое золата, якое ў іх было. У выніку Вардзію асудзілі на дзесяць гадоў і адправілі ў Мардовію. У гэты ж час Ліліта нарадзіла сына Ілью. Адносіны паміж сёстрамі змяніліся. Семіраміда была ўжо лішняй у кватэры, дзе яе старэйшая сястра лічыла сябе гаспадыняй...

Скандалы ўзнікалі пастаянна. Малодшая сястра не мела ўжо магчымасці не думаць пра грошы і праводзіць час, чытаючы кнігі. Яна ўладкавалася працаваць у дзіцячы садок няняй, дапамагала там і кухарцы, за што тая давала ёй больш ежы, якую маладая жанчына прыносіла дадому. Семіраміда наогул любіла дзяцей. У кожным з іх яна бачыла свайго першынца, якому лёс не даў магчымасць жыць. Робячы нешта добрае для чужых дзяцей, жанчына думала, што хоць крыху выкупляе сваю віну перад ім. Выхавальнікі сыходзілі, і дзеці заставаліся з няняй, якая для кожнага знаходзіла добрыя словы, магла супакоіць, калі хто плакаў.

Бацькі любілі клапатлівую нянечку, выхавальнікаў здзівіла, калі на 8 Сакавіка ім падарылі па два-тры падарункі, а ёй у кожнай групе па дваццаць восем... Любові ад калег ёй гэта не прынесла.

Нарэшце, пасля таго, як захварэў Вардгес і Семіраміда была месяц на бальнічным, яе абвінавацілі ў крадзяжы кубкаў і талерак і чагосьці там яшчэ... Яе гэта абразіла, яна выплаціла ўсё і сышла.

Адносіны з Лілітай усё больш ускладняліся. Калі старэйшая сястра сварылася з мужам так, што той на нейкі час ад яе сыходзіў, а малодшая насіла ёй грошы і ежу, то была патрэбна. Але варта было адносінам Ліліты і яе мужа наладзіцца, як зводная сястра зноў станавілася непатрэбнай.

Семіраміда ўладкавалася на дрэваапрацоўчы завод. Днём збівала скрыні, ноччу перабірала цвікі. Прывыкла і да такой працы. Вардгес часта хварэў, Лiлiта сядзець з ім адмаўлялася, і Семірамідзе даводзілася браць яго з сабой на завод, дзе ён спаў прама на жалезным стале... Сэрца аблівалася крывёй, калі маці бачыла, у якіх умовах знаходзіцца яе сын. Прыйшлося з завода сысці. Асірыйка не ведала, у каго прасіць дапамогі; яна звярталася да кагосьці, невядомага ёй, які чамусьці паўставаў перад ёй у вобразе сівога паважнага мужчыны з невялікай барадой, у нейкім незвычайным адзенні. Яна не ведала, як яго завуць, але прасіла яго. Прасіла, каб дапамог ёй, яе сыну, яе маці... Але, як здавалася жанчыне, ніхто яе не чуў... У яе з’явіліся крыўда і нараканні на жыццё, на лёс.

Шлях на дно


З грашамі станавілася ўсё горш. У іх было шмат кніг; калісьці Семіраміда іх чытала, цяпер яны саслужылі іншую службу: яна брала іх цішком і здавала ў краму. Калі маладая асірыйка з’явілася там з трыццацітомнікам Дзікенса, прадаўшчыца, спачуваючы, параіла ёй прадаць яго на барахолцы, дзе гэтыя кнігі каштавалі значна даражэй. Там жанчына з імем усходняй царыцы навучылася гандляваць...

З сястрой усё разладзілася канчаткова, калі тая ледзь не ўдарыла Вардгеса прасам. Маці закрыла яго сабой, паміж сёстрамі адбылася сутычка. Яна потым успамінала пра гэта так: “Зло настолькі затуманіла ёй розум... Я закрыла сына сабой, але калі паднялася, то звер перад маімі вачыма і цвёрдая рука... не малодшая сястра, а звар’яцелая львіца... усё гэта на час яе супакоіла. Але я вырашыла сысці з дому і не падвяргаць сына небяспецы. Гэта быў неабдуманы ўчынак з майго боку. Але я стамілася ад скандалаў. Доўга злавацца я не ўмею, але і жыць з ёй у адной кватэры больш не магла. Ну, куды я магла сысці, акрамя маёй роднай Нахічэвані? Я ўсіх ведала, уся моладзь хадзіла на танцы ў “Мелодыю”. Ды і многія людзі ведалі маю маці...” Семіраміда вырашыла сысці дзеля бяспекі сына, і не да родных, хоць тыя яе звалі, а да цыган. Вардзія хрысціла ў іх дзяцей, і яны прынялі яе дачку як родную.

– Хочаш, навучу цябе варажыць? – гарэзліва ўсміхаючыся, спытала яе маладая цыганка Насця.

– Не ўжо, дзякуй, наваражылася я на ўсё жыццё! – адказала Семіраміда.

– Ты што! А як ты варажыла? – зацікавілася дзяўчына.

Давялося расказаць ёй пра кнігі. Тая засмяялася:

– Усё ў галаве, як кажа бабуля Эсмеральда. Будзе тое, у што ты верыш!

Варажыць Семіраміда катэгарычна не хацела, але чымсьці ёй трэба было займацца, бо пры ўсіх добрых адносінах цыганы не маглі бясконца даваць прытулак ёй і Вардгесу. Маладая асірыйка навучылася варыць жуйку, а гандляваць яна ўжо ўмела.

Праз некаторы час яна сышла ад цыганоў да сяброўкі дзяцінства, якая жыла са старэйшым братам. На нахічэванскім рынку Семіраміда ўсё больш асвойвалася. Спачатку ёй давалі тавар на рэалізацыю, затым яна і сама стала перакупляць рэчы. Як яна ўспамінала, “так навучылася, што з аднаго рубля магла зрабіць сто”.

Паўднёвы рынак – гэта ён сёння такі ж, як і ў Цэнтральнай Расіі. А тады гэта быў асаблівы свет са сваім непаўторным каларытам. Стаіць шум, ідуць дыялогі гандляроў і пакупнікоў. Кожны з іх даказвае сваё, а ў выніку ўсе задаволеныя: пакупнік – тым, што змог настолькі знізіць цану, прадавец – тым, што здолеў яе так падняць... На гэтым рынку вялікую ролю іграў крымінал, тут панавалі свае законы, якія адрозніваліся ад савецкіх.

Семіраміда адчувала сябе на рынку як рыба ў вадзе. Яе маці была вельмі прадпрымальнай, за што і паплацілася. Мабыць, у дачкі гэтая гандлёвая жылка была спадчыннай, хоць, як потым яна зразумела, да Вардзіі ёй было ўсё ж далёка.

Новыя праблемы прыйшлі нечакана. Сяброўка і яе брат выпівалі. Пастаялка спачатку адмаўлялася, таму што з ёй быў сын, але з часам пачала выпіваць, спачатку патроху, але ўсё часцей. На рынку – кава з каньяком, дома – чарка гарэлкі. “Гэта ж зусім нямнога, – думала яна. – Толькі, каб узбадзёрыцца”. Але ў каву паступова стала даліваць не трыццаць, а сорак грамаў каньяку, чарка ж гарэлкі з саракаграмовай непрыкметна ператварылася ў стаграмовую.

Аднойчы сустрэла сваю рускую сяброўку Ніну, з якой сябравала з чатырох гадоў.

– Семіраміда, гэта ты? – паклікала Ніна яе на рынку.

– Ніначка! – узрадавалася асірыйка.

– Як ты жывеш?

– Ды вось гандлюю... Вардгес! – раптам паклікала яна сына і, вінавата ўсміхнуўшыся, сказала сяброўцы: – Ходзіць са мной на рынак, усе яго тут любяць, стараюцца сунуць піражок, дык ён так аб’ядаецца, што жывот баліць... А як ты?

– У мяне ўсё добра.

– Хочаш кавы? – прапанавала Семіраміда.

– Не, дзякуй.

– А я вып’ю паўкубка, – Семіраміда дастала тэрмас, наліла сабе кавы, капнула ў яе нешта з пляшкі.

– Гэта што? – спытала Ніна.

– Каньяк. Вельмі добра з кавай, я раней нават і не ведала. Ты не каштавала?

– Не, – ледзь паморшчыўшыся, адказала сяброўка. – А дзе ж вы жывяце з Вардгесам?

– Ды ў маёй знаёмай, – адказала, не заўважаючы пагардлівай усмешкі, асірыйка.

– А як жа ваша кватэра, якую атрымала цётка Вардзія?

– Там Ліліта жыве з сям’ёй. Думаю вось, ці не размяняць яе?

– А чаму б і не? Чым твая сястра лепшая за цябе? Ты павінна па чужых людзях матацца, а яна жыць, як барыня!

– Ты толькі не кажы пакуль нікому!

– Што за размова! Канечне, не скажу!

Паабяцаўшы маўчаць, Ніна ў той жа дзень патэлефанавала Ліліце і сказала, што яе сястра хоча размяняць кватэру, а грошы прапіць. Ды і сына трэба ў яе забраць: ён галодны, піражкі выпрошвае ў людзей...

Ліліта напісала Вардзіі; тая прыслала Семірамідзе ліст з просьбай не разменьваць кватэру, даць ёй магчымасць мець прытулак, як яна вызваліцца, і аддаць сына сястры, каб у той не забралі лішкі жылплошчы. І Семіраміда паслухала маці, пра што потым шкадавала.

На схіле жыцця яна ўспамінала пра гэта так: «Напэўна, любоў да мамы затуманіла мой розум. Я вельмі любіла маці, і калі б яна папрасіла маё жыццё, я аддала б, не задумваючыся. Я чула, што добрымі намерамі выслана дарога ў пекла. Як мог мой сын вырасці добрым і ласкавым, калі ён з дзяцінства чуў “твая бабка турэмшчыца, а маці алкашка”»... Семіраміда аддала сына сястры, Вардгес вырас хітрым, ён нікога, акрамя грошай, не любіў.

Семіраміда стала шмат піць. І на рынку, і дома. Яна адчувала сябе нікчэмнай, нікому не патрэбнай. Часам жанчына магла не піць, але тады раніцай яе вочы былі апухлымі ад слёз, выплаканых за бяссонную ноч. Свет уяўляўся ёй жорсткім і злым настолькі, што на яго было немагчыма глядзець цвярозымі вачыма. Пра свой стан жанчына потым напісала так: “Аднойчы, каб схаваць боль, чалавек апранае маску паўшага, але калі насіць яе пастаянна, яна прырасце да чалавека. Ён стане тым, за чыёй маскай хаваецца”. Як усе алкаголікі, яна лічыла, што ва ўсіх яе бедах быў вінаваты хто заўгодна, толькі не яна сама.

Новы шлюб


Аднойчы на рынку Семіраміду, паглыбленую ў невясёлыя думкі пра жыццё, хтосьці аклікнуў:

– Добры дзень, прыгажуня!

Яна здзіўлена падняла вочы, акінула гаворачага хуткім позіркам. Даўно да яе ніхто так не звяртаўся. Перад ёй стаяў дастаткова сімпатычны малады чалавек, мяркуючы па знешнім выглядзе – яе супляменнік. “Цікава, я праўда яшчэ прыгожая?” – падумала асірыйка, але ўслых сказала рэзка:

– Прыгажуня, ды не для цябе!

Звычайна выпадковыя кавалеры, убачыўшы агрэсію, больш не чапляліся да яе, але гэты толькі крыху збянтэжана зазірнуў ёй у вочы і ціха спытаў:

– Чаму ж не для мяне? У цябе ёсць муж?

– Няма ў мяне ніякага мужа, ды і не патрэбен мне ніхто! – яшчэ больш рэзка адказала жанчына.

Іншы б адразу адстаў, а гэты спакойна так кажа:

– А можа, я буду тваім мужам, хто ведае?

– Ты!!? – Семіраміда зарагатала, але паглядзела на яго больш уважліва і раптам асеклася.

– Чаму не? – гледзячы прама ёй у вочы, спытаў мужчына.

– Муж – аб’еўся груш! – прабурчала асірыйка і ўжо больш спакойна спытала: – Як хоць цябе зваць?

– Закхей. А цябе?

– Семіраміда.

– Я адразу зразумеў, што ты царыца!

– Так ужо і царыца, – збянтэжана прамармытала жанчына. – А ты хто па нацыі?

– Асірыец. А ў цябе і пытацца не буду: тваё імя і твае вочы кажуць усё самі.

– І што ж яны кажуць?

– Што ты дачка таго ж народа, што і царыца, імя якой носіш.

– Прыгожа спяваеш! Але разумныя людзі на першай сустрэчы пра шлюб сур’ёзна не гавораць. Пасмяяцца з мяне вырашыў?

Яе твар зноў стаў грозным, але Закхей бачыў, што суровасць гэтая напускная.

– Давай сходзім куды-небудзь сёння пасля тваёй працы, – прапанаваў ён.

– Рабіць мне больш няма чаго, толькі швэндацца дзесьці з выпадковымі знаёмымі! – пляснула рукамі Семіраміда. – Ты, можа, думаеш, што я гуляшчая?

– Не, канечне, – засмяяўся малады чалавек, і яго смех яе абяззброіў.

– Ну, калі не, то ведаеш, дзе я стаю, прыйдзеш, калі вельмі трэба будзе. А не – дык мне яшчэ і лепш! – заявіла жанчына.

Яна думала, што больш ніколі не ўбачыць гэтага выпадковага кавалера, але ён падышоў на наступны ж дзень. Чамусьці пачаў расказваць пра сябе. Што ён з Украіны, дзе жыў з маці ў горадзе Ілавайску. У Растоў-на-Доне прыехаў на заробкі, рамантаваў швейныя машынкі. У гэтыя гарачыя летнія дні, якія абяцалі (асірыйка гэта адчувала) перамены да лепшага, у іх было некалькі сустрэч на рынку, якія ні да чаго не абавязваюць, пасля якіх ён нечакана зрабіў прапанову выйсці за яго замуж і з’ехаць на Украіну.

Семіраміда пагадзілася: ёй надакучыла жыць сярод п’яніц, а Закхей не піў нават піва. Яна дала згоду паехаць з ім у іншую рэспубліку, нават ні разу не пацалаваўшыся. Ужо ва Украіне, калі яны ўпершыню засталіся на ноч удваіх, Семіраміда спытала:

– Добра, я дурніца, вырашыла з’ехаць на край свету з балота, у якім танула. Але ты ж ужо не хлопчык. Як ты рашыўся звязаць сваё жыццё з жанчынай, да якой не дакрануўся?

А той сур’ёзна ёй адказаў:

– Бываюць розныя жанчыны. Ёсць такія, што зірнуў ёй у вочы – і позірк гэты даражэйшы, чым тысяча начэй з другой!

– Тысяча і адна, – задаволена ўсміхнулася асірыйка. – Чытала я гэтыя казкі калісьці. Але там яна мужа не толькі казкамі карміла, але і дзяцей яму нараджала?

– І ты мне народзіш! – раптам упэўнена сказаў Закхей, схапіў яе, пацалаваў...

Праз дзевяць месяцаў у іх нарадзілася дачка, праз год – другая.


Асірыйка спадзявалася, што калі ўсё пойдзе добра, то яна зможа забраць Вардгеса. Адразу ўзяць яго яна не адважылася: усё ж Закхей хоць і гаварыў ёй, што гатовы клапаціцца аб яе сыне, быў для яе чалавекам незнаёмым. Раптам у яго Вардгесу будзе горш, чым у Ліліты? Нават пачаўшы піць, Семіраміда не стала гуляшчай, працягвала перажываць за сваё дзіця. Новы муж з цягам часу яшчэ мацней пакахаў яе, а яна так і не змагла яго пакахаць.

Адносіны са свекрывёй не склаліся з першай жа сустрэчы. Маці Закхея, нягледзячы на яго ўпэўненасць, што Семіраміда ёй абавязкова спадабаецца, сустрэла яго выбранніцу непрыязна.

– І каго гэта ты знайшоў? – закрычала яна прама пасярод вуліцы, нават не запрасіўшы іх увайсці ў дом. – І на якой барахолцы ты гэтую шлюху адкапаў, якой цана капейка ў базарны дзень, ды і то ніхто не дасць! Я заўсёды ведала, што сын мой ідыёт, які разаб’е маё сэрца. Дапускала, што ажэніцца са шлюхай, але не з такой жа! Яна ж і п’е, відаць: вунь на мордзе ўсё напісана! На ёй і пробы ставіць няма дзе! Што бельмы свае вылупіла бессаромныя?

Закхей разгубіўся і не ведаў, што сказаць. Семіраміда ўспамінала потым: “Калі мы прыехалі да яго дадому, то яго маці сустрэла нас такімі словамі і праклёнамі, што нават я, кірмашовая гандлярка, здзівілася, але толькі на нейкую долю секунды”. А потым так жа пранізліва закрычала:

– Напэўна, гэта ты сама старая дурніца і шлюха, бо чаго ў сабе няма, таго і ў іншым не ўбачыш. Думала я, што не трэба мне ва Украіну цягнуцца, няма тут нічога добрага, але вось паверыла твайму сыну, што ён мяне пакахаў. Кінула родныя месцы, радню, сяброў, пайшла за ім. Што ж, хай ён рашае. Хто табе патрэбны, Закхей, я ці твая маці?

Той нечакана, не вагаючыся, выбраў Семіраміду. Гэта так узрушыла яго маці, што тая абсыпала іх ужо абаіх яшчэ большымі праклёнамі, паміж іншым заўважыўшы будучай нявестцы:

– А табе не здаецца, што ты павінна звяртацца да мяне на вы?

– Прабачце, – мякка ўсміхнулася Семіраміда і самым ласкавым голасам, якім магла, сказала: – Вы старая дурніца і шлюха, якая нават свайму сыну не патрэбна, не маеце ні розуму, ні такту, прымушаеце іншых губляць і тое, і другое. Не абяцаю, што палюблю вас, але “на вы” называць абяцаю!

І ўсміхнулася на развітанне яшчэ раз сваёй цудоўнай усмешкай, якую называла “галівудскай”.

– Навошта ты так з ёй? – спытаў Закхей, калі яны адышлі.

– А навошта яна? – тут жа ўскіпела яго выбранніца. – А ты хацеў прывезці мяне сюды ёй для забавы, каб яна з мяне здзекавалася, як хацела?

– Не, супакойся, – мякка адказаў ён. – Зараз знойдзем, дзе пераначаваць, а заўтра здымем жыллё.

Назаўтра яны знялі домік, неўзабаве распісаліся. Калі ў іх нарадзіліся дзве дачкі, ім далі кватэру.

Выйшла на волю Вардзія; айчым Семіраміды да гэтага часу ўжо памёр. У Ліліты ў кватэры не знайшлося месца і для маці. Вардзія ўсё яшчэ падабалася мужчынам, нягледзячы на ўсе гады выпрабаванняў; яна выйшла ў чарговы раз замуж і стала жыць у мужа.

А Семіраміда ўсё часцей скандаліла са свекрывёй, хоць і жыла асобна ад яе. Пачала зноў выпіваць, але пры гэтым шмат працавала: шыла дзіцячае адзенне і сама яго прадавала. Прымусіла Закхея зрабіць абутковы ларок, каб муж не ездзіў на заробкі. А той неўзабаве захапіўся гульнёй. Спачатку гэта былі квіткі латарэі “Спрынт”, “Спартлато”. Семіраміда вырашыла перабрацца з Украіны назад у Растоў-на-Доне. Знайшла абмен на дом з трох пакояў. Вардзія ў той час таксама працавала ў абутковым ларку, дапамагла атрымаць такі ж і Закхею. Але яго жаданне гуляць прагрэсіравала – ён пачаў гуляць на скачках. Жонка не вытрымала і пачала піць... Муж стаў ёй не патрэбны.

Потым, праз многія гады, яна пісала: “Каб выратаваць сябе і пазбавіцца ад дрэннага, трэба ўспомніць сябе, бегчы туды, дзе згубіла сваё дзяцінства. Я забылася, хто я. Я злавалася на іншых і клікала тую, якую не магла ўспомніць. Тую, якая не п’е, упэўненая ў сабе. Я старалася ў дзецях знайсці сябе, хоць загадзя ведала, што дзеці – гэта іншае. А можа, я шукала нагоду, каб выпіць...”

Семіраміда працягвала піць; гульня мужа была апраўданнем яе п’янства. Ён усім яе раздражняў, нават тым, што называў яе “Сіма”. “Што я табе – кошка ці што?” – абураная, успыхвала, бо ганарылася сваім царскім імем, Семіраміда, не слухаючы тлумачэнняў мужа, што так называюць у Расіі і тых дзяўчат, якія носяць не толькі царскае, а і найвышэйшае імя анёла –Серафіма... “Ты яшчэ Сімкай мяне назаві!” – сварылася яна. Нядаўна ў яе з’явіўся страшна дарагі на той час мабільны тэлефон, сімкай называлася “штука, якая ў яго ўстаўлялася”. “Раздражняеш ты мяне, ну, як з табой не выпіць!” – заяўляла асірыйка. А да гэтага нагодай было тое, што побач з ёй няма маці і сына. Прычыны заўсёды былі... Неўзабаве яна і зусім выгнала Закхея, яны развяліся. Гуляць ён працягваў, цяпер у аўтаматы на вакзале. Іх дочкам было сем і шэсць гадоў.

Выпрабаванне багаццем


У Вардзіі памёр яе чарговы муж. “Можа, я чорная ўдава? – горка смяялася яна. – Прыношу няшчасце мужчынам, якія мяне кахаюць”. А кахалі яе ў жыцці многія, і кожны раз яна выходзіла замуж. “Хопіць ужо, пара старой асірыйцы думаць не пра мужчын, а пра дачок і ўнукаў”, – вырашыла Вардзія і пераехала да малодшай дачкі, якая толькі што развялася з Закхеем. “Ліліце я не патрэбна, а табе я многае сапсавала ў жыцці, а зараз дапамагу!” – сказала яна Семірамідзе. Тая ўжо паспела забыцца пра часы, калі маці выбіла ў Маскве кватэру, дазваляла ёй сядзець дома з дзіцём, не працуючы і не думаючы, адкуль што бярэцца. Зараз у яе ўспрыманні яна была няшчаснай хворай жанчынай, якой самой патрэбна дапамога. Аднак вельмі хутка дачка зразумела, што яна, з усім яе вопытам гандлю на рынку і ўменнем “з рубля зрабіць сто”, усяго толькі дзіця перад сваёй маці.

Канец васьмідзясятых гадоў дваццатага стагоддзя дазволіў многім прадпрымальным людзям у Савецкім Саюзе заняцца бізнесам. Правілаў ніякіх не было, рызыка была вялікая. Багацце раптоўна з’яўлялася і гэтак жа хутка і бясследна знікала. Але маці і дачка пачалі агульны бізнес: сталі вазіць фарбу для валасоў з Польшчы. Яны хутка разбагацелі. Гандаль ішоў бойка, і неўзабаве яны вазілі фурамі не толькі фарбу, але і іншыя тавары.

Купілі некалькі дамоў. Ездзілі з асабістымі вадзіцелямі. Жылі на шырокую нагу, бралі даўгі пад працэнты, хоць маглі б недзе сэканоміць. У Семіраміды сталі з’яўляцца барскія замашкі, а маці яе спыняла:

– Не, дачка, павер майму жыццёваму вопыту: багацце прыходзіць і сыходзіць. Лягчэй тым, у каго жыццё роўнае, без узлётаў, няма ў іх і вельмі ўжо балючых падзенняў!

– Дык яно ж сумнае, такое жыццё! – смеючыся, адказвала Семіраміда, якую багацце, што нечакана звалілася на галаву, ап’яняла не горш за віно.

– Я б выбрала лепш пасумаваць, чым весяліцца ў Мардовіі, – сумна сказала Вардзія.

– Ну, навошта такія думкі! Усё будзе добра, жыццё кароткае, нам трэба паспець павесяліцца! – пярэчыла ёй дачка.

– Не трэба занадта весяліцца, а то не прыйшлося б вельмі горка потым плакаць! – паківала галавой маці, ведаючы, што яе словы пакуль не будуць пачутыя.

А між тым сваякі, якія раней не жадалі пра іх і чуць, сталі ўсё часцей з’яўляцца, гаворачы пра тое, як любяць іх. Нават Вардгес, які раней не хацеў іх бачыць, стаў да іх прыходзіць усё часцей. Першы раз, прыйшоўшы, ён абняў маці і бабулю, заплакаў, сказаў, што просіць у іх прабачэння за тое, што пазбягаў іх.

– Мне няма апраўдання! – сказаў ён. – Прабачце мне!

І Вардзія, і Семіраміда, якім ён цалаваў рукі, тут жа расталі. Яны былі ўжо вопытнымі жанчынамі, і, вядома, адчувалі фальш, але ж верыць заўсёды хочацца ў тое, у што хочацца. А ім хацелася верыць, што іх хлопчык знайшоў у сабе сілы пераадолець тое, што ўнушала яму Лiлiта. Ён прыходзіў з пакорным выглядам, нясмела гледзячы ў вочы то Вардзіі, то Семірамідзе, гаварыў, што цётка Ліліта апісвала яму іх зусім не такімі, якія яны на самай справе.

– Я ганаруся, што я твой сын, – гаварыў ён маці, а бабулі маляўніча расказваў, якім гонарам яго сэрца перапаўняецца ад думкі, што ён яе ўнук.

На яго вачах былі слёзы – як яму не верыць, што ён шчыры ў сваіх словах? Толькі праз некалькі сустрэч Вардгес пачаў расказваць пра свае жыццёвыя цяжкасці, якія ідуць услед за ім; як цяжка з імі змагацца.

– Я ж не магу прасіць у жанчын, якія зарабляюць усё сваёй працай! – заяўляў ён так упэўнена, што ніхто не мог усумніцца ў яго шчырасці. – Вы для мяне прыклад таго, як трэба жыць і працаваць, гледзячы на які, я і сам змагу зрабіць многае: бо я мужчына, значыць, павінен умець больш. Калі толькі цяжкасці не загубяць мяне зусім; бо, як казаў Ніцшэ, усё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі.

Так што ён нічога не прасіў, а жанчыны, адчуваючы сваю віну перад ім, самі імкнуліся штосьці яму даць. Спачатку крыху, потым больш, а затым ён і сам стаў прасіць, пасля і патрабаваць, забыўшыся свае нядаўнія словы пра тое, што ўсяго даб’ецца сам... Лёгкія грошы не пайшлі Вардгесу на карысць: ён уцягнуўся ў наркотыкі. У выніку ўліп у гісторыю, яму пагражала ад шасці да пятнаццаці гадоў зняволення. Дасведчаная ў такіх справах Вардзія каму трэба дала хабар – прыгаварылі да трох гадоў. І яна тры гады ўтрымлівала цэлы лагер, каб яе ўнуку там было камфортна... Вардгеса выпусцілі, маці і дачка падумалі, што зараз у іх усё наладзіцца. І тут падскочыў долар, а многія даўгі былі ў доларах. Аддаваць прыйшлося ўжо зусім іншую суму. У гэты ж самы час Вардзія, нягледзячы на цяжкасці, пазычыла без працэнтаў тры тысячы долараў аднаму прыезджаму маладому асірыйцу. Калі ж прыйшоў час аддаваць доўг, той знік... У час росквіту сямейнага бізнесу маці з дачкой купілі некалькі дамоў і камуналку. Каб аддаць даўгі, прыйшлося дамы прадаць, засталася адна камуналка. І ў гэты момант пасля доўгай адсутнасці з’явіўся Закхей. Ён сказаў, што прайграўся ў аўтаматах, што яго заб’юць, калі ён не аддасць доўг. Семіраміда з горыччу паглядзела на таго, хто зусім яшчэ нядаўна так яе кахаў, што яна была гатовая адказаць яму ўзаемнасцю. Зараз перад ёй быў хворы чалавек, якому гульня была даражэйшая за жанчыну, якую ён кахаў больш за ўсё на свеце, даражэйшая за іх дачок.

– Я дапамагу табе, – сказала Семіраміда. – Але ты павінен разумець, што я аддаю табе ўсё, што ў мяне ёсць, у знак памяці пра тое, як ты мяне кахаў. У нас разам нічога ўжо не атрымаецца. Але ты сам для сябе, у знак памяці аб тым каханні, якое калісьці жыло ў тваім сэрцы, знайдзі, нарэшце, у сабе сілы змяніцца і стаць чалавекам, а не гульняманам!

Яна прадала апошнюю камуналку, аддала яму грошы, каб яго не забілі. Ён даўгі аддаў, зноў прайграўся і з’ехаў ва Украіну. Але Семіраміда ўсё ж не шкадавала, што аддала апошняе чалавеку, які яе калісьці кахаў. Вардзія таксама яе не ўпікала. “Можа, так і трэба, – сумна сказала яна. – А вось як мы з табой будзем цяпер жыць? І галоўнае – як будуць жыць твае небаракі дочкі?”

Вяртанне ў падвал


Маці і дачка, застаўшыся ні з чым, знялі домік недалёка ад нахічэванскага рынка. Рэзкая змена сацыяльнага статусу прывяла да таго, што яны хутка сталі апускацца ўсё ніжэй. Радня ад іх адвярнулася, а першы – Вардгес: без грошай яны былі яму не патрэбныя. Ён не адчуваў ні кроплі падзякі за тое, што бабуля і маці зрабілі для яго. Больш за тое, ён абвінаваціў іх у тым, што трапіў у заключэнне, заявіўшы, што гэта іх несправядліва нажытыя грошы і дурная спадчыннасць аказалі на яго такі разбуральны ўплыў.

Семіраміда піла ўсё больш: на рынку – кава з каньяком, у якой кавы ўжо амаль не было, а дома – гарэлку перад люстэркам. Адбітак даваў ілюзію, што яна п’е не адна, а значыць, не алкагалічка.

Яна не ведала, як выправіць сваё становішча. Асірыйка і так была вялікай фантазёркой, алкаголь жа надаваў яе фантазіям нездаровы характар. Дзесьці яна пачула, што можна прадаць сваю нырку. Нядоўга думаючы, дала аб’яву ў некалькі газет пра тое, што хоча заключыць такую здзелку. “Ну, што ты за дурніца! – лаяла яе маці. – Як ты будзеш жыць без ныркі? Ды і каму твая прапітая нырка патрэбна?”

– Не, – хітра ўсміхаючыся, адказала ёй дачка. У адной руцэ ў яе была налітая па рубчык гранёная шклянка з гарэлкай, у другой – долька лімона. Яна глядзелася ў люстэрка, знаходзячы, што вельмі няблага выглядае...

– Што не?

– Ты не разумееш! Яе купяць, і мы выправім нашы справы! І ніякая яна не прапітая! У нас усё атрымаецца, мы зноў зажывём!

– Дурненькая ты мая, – заплакала Вардзія і абняла дачку. – Да чаго ж ты дайшла!

Пакупнікоў не знайшлося, а вось рэпарцёры пачалі прыходзіць чарадой. Спачатку артыкулы былі ў мясцовай прэсе, потым і ў маскоўскай. Толькі праз нейкі час Семіраміда зразумела, што з яе смяюцца...

Яны яшчэ нядаўна былі багатымі, а цяпер сталі бамжамі. Толькі ў Вардзіі быў пашпарт з прапіскай: яе фіктыўна прапісала адна пашкадаваўшая яе малазнаёмая жанчына, каб Вардзія магла атрымліваць пенсію.

Семіраміда заявіла маці:

– Мы вельмі многім з табой дапамагалі. Таму дапамогуць і нам!

– Хто – сваякі, якія і знацца з намі не хочуць? – горка ўсміхнулася Вардзія.

– Не, не сваякі! – хітра ўсміхнулася дачка і залпам выпіла паўшклянкі гарэлкі. – Зараз з’явіўся інтэрнэт, я напішу там зварот, і мы вельмі хутка не будзем ведаць, куды падзець грошы!

Спачатку яна звярнулася да асірыйцаў усяго свету з просьбай дапамагчы, але ніхто не прыслаў нават рубля. Затым быў зварот да людзей усяго свету з тым жа вынікам. Над тым, дзе менавіта размешчаны яе зварот, колькі людзей яго прачытала, ці наведвае хтосьці наогул гэты сайт, жанчына не задумвалася. Яна лічыла, што раз у інтэрнэце напісана, то, значыць, усе людзі свету пра іх бяду ведаюць. “Нікому мы не патрэбны!” – з горыччу заявіла яна маці.

Вардзія, якая разважала больш рэальна, чым яе дачка, звярнулася да кіраўніка асірыйскай дыяспары Растова-на-Доне. Ён даў семсот рублёў са сваіх асабістых сродкаў, але становішча гэта выратаваць не магло. “Мне сорамна за мой народ, мне сорамна, што я асірыйка!” – пранізліва крычала Семіраміда, даведаўшыся пра тое, у што выліўся клопат яе маці. “Добра, хоць гэта даў!” – сумна ўсміхнулася тая, не маючы, у адрозненне ад дачкі, ніякіх ілюзій у дачыненні да жыцця. Не было чым плаціць за дом, што яны здымалі, прыйшлося ісці ў падвал, у якім яны калісьці жылі. Трыццаць гадоў ужо прайшло, як маці і дачка пакінулі яго, а цяпер у ім давялося жыць і дочкам Семіраміды, якая ўсё больш піла і ўсё менш верыла каму б там ні было. Падвал быў пусты, сыры і халодны.

Растоў-на-Доне – вялікі паўднёвы горад, які знаходзіцца ўсяго за сто кіламетраў ад Украіны. У ім заўсёды шмат прыезджых, сярод мясцовых жыхароў – людзі розных нацыянальнасцяў. У самым цэнтры Растова, у роднай для Семіраміды Нахічэвані, якая была калісьці самастойным горадам, на месцы, дзе стаяла статуя імператрыцы Кацярыны, цяпер узвышаецца помнік Карлу Марксу. Па задуме тых, хто яго ўстанаўліваў – творцаў новай сацыялістычнай рэальнасці, бацька марксісцкага вучэння павінен быў асяняць сабой горад, з’яўляючыся рэлігійным сімвалам краіны, якая адмовілася ад рэлігіі.

У Нахічэвані і сёння шмат старых дамоў, прызнаных помнікамі архітэктуры. Некаторыя з іх стаяць пустыя з забітымі вокнамі.



Сёння бытавыя ўмовы, у якіх жывуць людзі ў Расіі, у асноўным змяніліся ў лепшы бок у параўнанні з канцом мінулага стагоддзя. Ужо цяжка ўявіць сабе, што цэлую сям’ю можа ўзрадаваць магчымасць жыць у паўпадвальчыку. Але ёсць такія сем’і і сёння, а што гаварыць пра мяжу другога і трэцяга тысячагоддзяў, калі ў Расіі шмат людзей праз сваю наіўнасць і няўменне жыць ва ўмовах дзікага капіталізму страцілі права на жыллё!

...Засяліліся яны ў падвал самавольна, не спытаўшы ні ў каго дазволу. Семіраміда разважала так: раз яны ў ім раней жылі, а цяпер там ніхто не жыве, то ў іх усё законныя правы на яго. А Вардзія, пасміхаючыся з наіўнасці дачкі, думала, што калі спытаць, то не дазволяць, а так хоць можна будзе пажыць, пакуль не выганяць.

Восень у гэтым годзе была золкая. Дождж ліў пастаянна, халодны вецер пранізваў наскрозь. Старое жыллё асірыек не ратавала ад холаду; яны са страхам думалі, як будуць жыць там зімой.

Прадавец гадзіннікаў


На рынку, дзе гандлявала асірыйка, недалёка ад яе месца, працаваў мужчына, які прадаваў гадзіннікі. Яны пазнаёміліся і часам падоўгу гутарылі. Ён быў веруючым і расказваў пра рэчы, якія Семірамідзе былі тады незразумелыя. Гаварыў пра тое, што калі папрасіць пра што-небудзь Госпада з верай, то Ён, хай не адразу, але абавязкова дапаможа. Гэта здавалася ёй чымсьці, ніяк з ёй не звязаным. Яна піла ўжо да страты прытомнасці. Ёй надакучыла змагацца, будучыня палохала. А новы сябар працягваў расказваць. Гаварыў пра святых і іх подзвігі, і што Бог не грэбуе паўшымі людзьмі, што ўсё адбываецца не без Яго волі; казаў пра свабоду выбару, які вызначае лёс чалавека.

– Калі папрасіць Госпада з верай, то Ён дапаможа, абавязкова дапаможа! – упэўнена казаў мужчына.

– Каму тут можна дапамагчы! – горка ўсклікнула п’яная асірыйка. – Яе няма, той, каму дапамагчы было можна! Тое, што ёсць...

Яна заплакала і скрозь слёзы прамармытала:

– У дзяцінстве я ўсё марыла пра казачную царыцу, імя якой ношу, што буду такой жа цудоўнай, як яна... І вось у што ператварылася ...

– Перад Богам ты такая ж цудоўная, якой цудоўнай у тваіх вачах з’яўляецца казачная царыца, імя якой ты носіш, і нават яшчэ больш цудоўная, – адказаў ёй прадавец гадзіннікаў.

Семіраміда горка ўсміхнулася і спытала:

– Скажы, я вось не зразумею: каму можа спадабацца п’яная жанчына? Ды нікому! Але ты кідаеш свой тавар, садзішся са мной побач і расказваеш пра Бога. Навошта табе гэта трэба?

– Нічога ў гэтым свеце не бывае выпадковым. Напэўна, гэтыя размовы неабходныя.

– Каму? Я ж сама гублю сябе! – са слязамі на вачах усклікнула жанчына. – Напэўна, і Богу брыдка на мяне глядзець!

– Не. Ён жа ведае, што проста так ніхто сябе не губіць. Звярніся да Яго з верай – і ты атрымаеш дапамогу!

– Як паверыць у тое, чаго не бачыш? Як гаварыць з Тым, да Каго нельга дакрануцца?

Адказу на гэтыя пытанні жанчына не захацела пачуць; размова і так адабрала ў яе вельмі многа сіл.

Але адказ на гэтыя пытанні нечакана прыйшоў. У Семіраміды з’явілася яшчэ адна знаёмая –манашка, якая вяла свецкае жыццё. Яна таксама многа размаўляла з Семірамідай, прыносіла духоўную літаратуру.

– У тваіх кнігах вельмі многа і зразумела напісана, які Гасподзь і што Ён зрабіў для нашага выратавання, – сказала ёй неяк асірыйка. – Прадавец гадзіннікаў не змог мне гэта растлумачыць...

– Затое ён прымусіў цябе задумацца над гэтымі пытаннямі.

Аднойчы манашка прынесла тоўстую старажытную кнігу. “Жыціе і цуды Св. Мікалая Цудатворца і слава яго ў Расіі”, – прачытала Семіраміда на вокладцы і па звычцы зірнула на год выдання: 1899.

– Я калісьці любіла чытаць, – сказала яна. – Але гэта вельмі вялікая кніга, усю мне яе не адужаць. Ведаеш, у мяне раней была дрэнная звычка: разгарнуць кнігу і прымерыць на сваю будучыню тое, што разгорнецца.

– Сапраўды, дрэнная! – усклікнула сяброўка. – Гэта да дабра не даводзіць!

– Як бачыш, не давяло ўжо, хоць не думаю, што гэта галоўнае, чаму я стала такой, – з горкай усмешкай сказала асірыйка.

– Але ты, спадзяюся, не хочаш на святой кнізе варажыць?

– Не, я проста прачытаю старонку для душэўнай карысці, – адказала Семіраміда, і было незразумела, што ж яна думае на самай справе.

Яна пачала чытаць на пяцьсот дзевяноста дзявятай старонцы, затым прачытала і тое, што было на шасцісотай. Хоць дарэвалюцыйная арфаграфія крыху яе збівала, змест прачытанага падаўся вельмі цікавым:

“Сын Томскага жыхара Івана Мамотава, яшчэ падлетак, Васіль на працягу трох месяцаў жыў у муках “ад пакутаў дземанскіх”, што пазбавіўся розуму, памяці і ўсёй цялеснай моцы, не быў у стане ні рухацца, ні валодаць сваімі членамі і ляжаў зусім расслаблены. Колькі ні зваў бацька лекараў да сына, ні адзін з іх не дапамог хвораму ў гэтых яго пакутах, пакуль, нарэшце, не наведаў пакутніка цудоўны памочнік – Свяціцель Мікалай. Ляжаў аднойчы гэты хлопец паўжывы ад хваробы, і вось з’явіўся яму наяве муж прыгожы, у архірэйскай вопратцы, з белай бліскучай барадой, падышоў да ложка хворага і сказаў яму: “Устань”. – “Не магу, божа мой, устаць, адказваў хлопец, таму што зусім не маю моцы цялеснай”. Тады старац узяў яго за руку і падняў, кажучы: “Мною, рабом Сваім, загадвае табе Уладар мой Хрыстос устаць з гэтага ложка і быць здаровым”. Пры поўнай ужо свядомасці ў адказ на гэта падлетак усклікнуў: “Якую падзяку я аддам табе, божа мой, за такое тваё міласэрнае наведванне мяне?!” Старац сказаў яму: “Цяпер устань, ідзі ў саборную царкву і спявай малебен з падзякай за сваё выздараўленне Богу, які славіцца ў Троіцы, Найсвяцейшай Багародзіцы і Свяціцелю Мікалаю Цудатворцу перад яго абразам, што ў саборнай царкве, на правым баку, у прыдзеле яго, дзе звычайна стаяць ваяводы, і папрасі святароў асвяціць ваду; вады ж гэтай вазьмі з калодзежа, што каля рова глыбокага. Калі ўсё гэта выканаеш, то Боскай ласкай ад хваробы зусім вызвалішся”. Адразу хлопец адправіўся да бацькі і расказаў яму пра ўсё з’яўленне. Пачуўшы пра ўсё і ўбачыўшы сына на нагах і амаль здаровым, бацька неадкладна паспяшаўся з ім у царкву – выканаць ўсё загаданае Цудатворцам, і з радасцю і славаю літасціваму Угодніку вярнуўся дадому з сынам, поўнасцю разумным і здаровым”.

– Відаць, гэта вельмі важная кніга, але ў мяне зараз няма сілы чытаць далей, – сказала яна, скончыўшы чытанне...

Яны з манашкай часта разам ездзілі ў Іверскі манастыр. Семіраміда не раз спрабавала кінуць піць, звярталася і да экстрасэнсаў, цяпер жа вырашыла маліцца.

Аднойчы на службе ў Іверскім манастыры яна заплюшчыла вочы і апынулася на нейкім пустыры. Вакол было ўсё белае; яна штосьці камусьці гаварыла, прасіла аб усіх родных. Потым расплюшчыла вочы – вакол зноў служба, усе спяваюць, моляцца ... Тое, што здарылася на службе, непакоіла асірыйку, і яна вырашыла расказаць пра гэта свайму веруючаму сябру. Але той, хоць чытаў духоўную літаратуру, не ведаў нічога пра алкагольныя псіхозы.

– Гэта Маці Боская дапусціла цябе расказаць Ёй пра тое, што гняце тваю душу, – сказаў ён.

– А як расказаць?

– Калі не ведаеш малітваў, то гавары сваімі словамі тое, што хочаш сказаць, пра што хочаш папрасіць. Гэта і ёсць сардэчная малітва. Яна ідзе ад сэрца, а не ад розуму. Калі ты будзеш верыць, што табе дапамогуць, то табе абавязкова дапамогуць, а калі не верыць, то лепш і не пачынаць прасіць. Па веры і даецца...

Гэта быў перыяд, у які яна або піла, або малілася... Днём піла каву з каньяком, а ўначы садзілася на ложку і сваімі словамі звярталася да ўсіх, пра каго расказвала ёй манашка і прадавец гадзіннікаў, а потым і да памерлых сваякоў, каб і яны ёй дапамаглі...

Аднойчы на рынку Семіраміда выпадкова заўважыла Карынэ. Крыўда на сяброўку, якая ёй здрадзіла, тут жа пранізала ўсю яе істоту. Асірыйка залпам выпіла кубак кавы з каньяком, у якой каньяку было ў тры разы больш, чым кавы, і пранізліва закрычала:

– Ах ты, хлуслівая асліца з сэрцам пацука! Як носіць цябе зямля, гадаўка!

Карынэ здрыганулася, прыгледзелася і, пазнаўшы сваю былую сяброўку, з падробнай ветласцю сказала:

– Семіраміда, што з табой, дарагая? Я ледзь было не падумала, што гэта нейкая каціха тут крычыць!

– Каціха? Ах ты падла! Ну, выпіла я крыху кавы з каньяком! – закрычала асірыйка, якая выпіла за гэты дзень ужо амаль бутэльку каньяку і кубак кавы, але лічыла, што яна не п’яніца, бо п’е каву, у якую проста падлівае крыху каньяку, каб умацаваць сілы.

– Так, час жорстка абышоўся з табой, – з няшчырым сумам сказала Карынэ, з задавальненнем адзначыўшы, што сама яна выглядае значна лепш.

– Зараз я з табой жорстка абыдуся, – злосна сказала Семіраміда, вочы якой наліліся крывёй.

Армянка вельмі спалохалася. Але тут падышоў прадавец гадзіннікаў, ён заўсёды ўмеў супакоіць асірыйку, і Карынэ ўдалося сысці.

– Навошта ты мяне спыніў? – горка спытала свайго сябра хворая жанчына.

– А што змянілася б, калі б ты нешта дрэннае ёй зрабіла? Табе б стала лягчэй?

– Напэўна, ты маеш рацыю, – горка сказала няшчасная, сілы адразу пакінулі яе. – Нічога нельга вярнуць, усё прапала...

– А вось так нельга думаць! Прасі ў Бога, Ён дапаможа табе!

– Дапаможа... – бязгучна прашаптала асірыйка. Вочы яе заплюшчыліся, і яна ледзь чутна прашаптала: – Гэта наўрад ці... Ненавіджу яе! Праклінаю яе!

– А вось так нельга гаварыць! – па-добраму, але цвёрда паправіў яе сябар.

– У цябе што ні вазьмі – гэта нельга, тое нельга, – горка ўсміхнулася жанчына. – Чаму?

– Праклён грэшніка вяртаецца на яго галаву, так сказана ў Бібліі!

– Дык я грэшніца?! – пачала заводзіцца гандлярка, але чамусьці на прадаўца гадзіннікаў злавацца ў яе не атрымлівалася. І ўжо спакойна сказала: – Ну, грэшніца, а далей што?

– А далей тое, што ты гэты праклён пасылаеш на сябе і сваіх дзяцей. Гэта табе трэба?

– Я і так ужо праклятая... І бедныя мае дзяўчынкі таксама... А пра хлопчыкаў і гаварыць не хачу... Ты казаў, што нельга плаціць злом за зло. Чаму?

– Справа ў тым, што той, хто робіць зло, нясе сабе пакаранне ўжо ў самім гэтым учынку. Перастаўшы жыць па законах Бога, ён пачынае жыць па законах свету зла. А гэта жорсткі і страшны свет, няма нічога горшага, чым трапіць у яго. І чым больш здзяйсняе зла чалавек, тым больш пакут і смутку яму давядзецца перанесці самому; уладары свету цемры прасочаць, каб за ўсё дрэннае, здзейсненае ім, ён цалкам расплаціўся. А той, хто разлічваецца злом за зло, і сам пачынае жыць па законах гэтага свету. Трэба ўмець аддаць суд Богу…

– З надзеяй, што Ён пакарае так, што самому б пакрыўджанаму і ў галаву не прыйшло? – хітра спытала асірыйка.

– Бог нікога не карае. Ён проста перастае часам некаторых абараняць!

– Добра, – раптам спакойна сказала жанчына. – Я ўявіла, што мне хацелася б зрабіць з Карынэ за тое, што яна не дала мне тады быць разам з Тыгранам; калі ты гаворыш, што яе чакае нешта горшае за гэта, то мне яе проста шкада!

І яна горка засмяялася.

...Малодшая дачка Семіраміды здолела вырвацца з кашмару, у якім жыла сям’я, выйшла замуж і з’ехала да мужа, а старэйшая так і засталася з маці, хоць многія да яе сваталіся. Семіраміда не ўмешвалася ў жыццё дачок. Яна рабіла гэта не таму, што ёй было не да іх, а таму што баялася крыўды з іх боку, калі яе парады акажуцца няправільмымі. Старэйшая была настолькі псіхалагічна залежнай ад маці, што не было неабходнасці ёй штосьці яшчэ гаварыць, а малодшая – настолькі незалежная, што было зразумела: што б ёй ні казалі, яна зробіць па-свойму. Яна любіла маці, але адразу выкарыстала магчымасць жыць асобна ад яе.

Хвароба як надзея


Аднойчы, калі Семіраміда ішла з манастыра пасля вячэрняй службы, яна ўбачыла ў небе трох мужчын з бародамі. Яны былі такімі вялікімі, што жанчына са страху адвяла вочы, а калі паглядзела зноў, іх ужо не было.

Часам ёй удавалася доўга не піць. Першы дзень заўсёды быў вельмі цяжкім. Яна не магла ўстаць, яе ўсю выварочвала, сэрца грукала, як звар’яцелае, прастрэльвала пад плячом, галава расколвалася, перад вачамі плавалі цёмныя кругі, усё цела трэсла, а рукі – так, што немагчыма было ўтрымаць нават кубак з вадой... Бліжэй да ночы прыходзіў страх, а разам з ім і бяссонне. Часам яна чула нейкія гукі, перад вачама ўзнікалі вобразы, але ўсё гэта было такім расплывістым, што жанчына не звяртала на гэта ўвагі. Адзіным жаданнем было дажыць хутчэй да раніцы – сысці з гэтага дома туды, дзе людзі, на рынак, дзе людзей шмат... І значна раней, чым гэтага патрабавалі інтарэсы гандлю, Семіраміда ішла на рынак, на працягу дня ёй удавалася крыху пераключыцца, і к вечару яна з цяжкасцю прыходзіла ў сябе. Праз тыдзень ёй здавалася, што вось цяпер можна і ніколі не піць; у яе галаве з’яўляліся фантазіі, як жа яна зажыве, калі выпіўкі ў яе жыцці больш не будзе. Але потым, звычайна не пазней, чым яшчэ праз тыдзень, прыходзіла думка, што чарку-то можна, і ўсё пачыналася зноў...

Аднойчы Семіраміда не піла больш за два тыдні. Яна прыйшла з рынка, села на канапу – і раптам перастала разумець, што адбываецца навокал.

Вардзія нешта гаварыла ўнучцы, тэлевізар паказваў нейкую праграму, а ў галаве яе спяваў мужчынскі хор. Яна падумала, што ў яе белая гарачка. Спявалі без музыкі і адно і тое ж: “Госпадзі, дапамажы ёй!” – і так з паловы шостага вечара да поўночы.

На рынку Семіраміда падышла да прадаўца гадзіннікаў, якога называла цяпер сваім братам, і расказала пра тое, што з ёй адбылося.

– Што гэта было?

– Я прывязу табе зараз адну кнігу, – задуменна сказаў ён.

У кнізе было напісана, што такое здараецца часам на магілах святых, але даецца пачуць і простым людзям. З алкаголем яе сябар гэта не звязваў. Ён пазнаёміў яе з бабуляй з вёскі, якая прывозіла на рынак малако. Калі гэтая бабулька была ў паломніцкай паездцы, то, праходзячы міма двух манастыроў, чула хор мужчын, а іншыя паломнікі нічога не чулі.

Асірыйка крыху супакоілася, але ўвечары ў гэты ж час зноў пачула мужчынскі хор. Праз пару гадзін да яго далучыўся жаночы, а затым і дзіцячы. Усе яны спявалі нейкую песню. Нешта пра Маці Боскую, але слоў Семіраміда не магла разабраць, ёй здалося, што гэта нешта ўсхваляльнае. Потым мужчынскі хор перастаў спяваць, затым жаночы, а дзіцячы ўсё спяваў, але слухаць яго перашкаджаў саксафон. Жанчына спрабавала яго “прыбраць”, але ад гэтага ўзмацніўся галаўны боль, з’явілася адчуванне, што гарэў і падняўся верх галавы. І тут прыйшла думка, што трэба прачытаць малітву “Ойча наш”. Але Семіраміда і ведала ўсяго два словы з яе – “Ойча наш”. Да дванаццаці заставалася яшчэ гадзіна; за гэтую гадзіну яна прачытала малітву, якую раней не ведала, быццам хтосьці ёй падказваў. З апошнімі словамі малітвы саксафон змоўк, дзеці спявалі выдатна, і няшчасная хворая заснула. Прачнуўшыся, яна ведала “Ойча наш” на памяць.

На наступны дзень яна расказала пра ўсё свайму веруючаму сябру.

– Не разумею, чаму ты гэта да гэтага часу чуеш... – здзівіўся ён.

– Можа быць, каму-небудзь яшчэ гэта расказаць?

– Што ты! Ніхто не паверыць, таму што самі такога не чулі. А цябе, чаго добрага, аб’явяць вар’яткай!

Яна расказала яму і пра кнігу пра Свяціцеля Мікалая, якую ёй прапанавала прачытаць манашка.

– Гэта вялікі святы! – сур’ёзна сказаў ёй прадавец гадзіннікаў. – Маліся яму, ён табе дапаможа.

І ён дастаў з кішэні самаробны сшытак памерам з паўаркуша, які, як высветлілася, заўсёды насіў з сабой. У ім былі ад рукі перапісаныя акафіст Свяціцелю Мікалаю і яго жыціе. Ён пачаў чытаць жыціе, напісанае яшчэ ў дзясятым стагоддзі Сімяонам Метафрастам: “З прычыны сваіх прыроднага таленту і вастрыні розуму за кароткі час Мікалай пераўзышоў большасць навук; усялякай жа мітуснёй пагарджаў і пазбягаў недастойных зборышчаў і гутарак, ухіляўся ўступаць у размову з жанчынамі і нават не глядзеў на іх, клапоцячыся толькі аб сапраўды разумным. Ён развітаўся са свецкімі справамі і ўвесь час праводзіў у дамах Боскіх, рыхтуючы сябе да таго, каб стаць дастойным дома Гасподняга. Таму што святы шмат папрацаваў для разумення Святога Пісання і боскіх дагматаў, быў упрыгожаны мноствам добрых якасцяў і няўхільна захоўваў належную іерэям бездакорлівасць жыцця, а таксама і таму, што нораў у яго і да таго, як ён стаў стары, быў спакойны і разважлівы, яго вырашылі ўдастоіць прэсвітарскага сану. Апёкай дзядзькі, які замяняў яму бацькоў, тагачасны настаяцель царквы ў Мірах пасвячае яго ў прэсвітары; так, Богам падараваны бацькам, па іх малітве ён вяртаецца Богу. А гэты архірэй Мір, удастоены боскага духу, бачачы, што душа юнака расцвітае дабрадзейнасцю, прадказаў у будучым найвялікшую колькасць у яго дару божага, сказаўшы, што ён будзе добрым суцяшальнікам засмучаных, добрым пастырам душ, падаўцом выратавання тым, хто ў небяспецы, і пакліча аблудных на нівы набожнасці”.

– Мне цяжка гэта слухаць, – спыніла яго жанчына. – І манашку я слухаць не змагла... Давай гэта адкладзём на потым.

Але “потым” наступіла не скора. Дзень прайшоў як звычайна. Але ўвечары ў галаве Семіраміды гучалі ўжо асірыйскія спевы. Ігралі асірыйскія музычныя інструменты, а спявалі, напэўна, старажытныя асірыйцы. Яна пачала спяваць з імі так, нібы ведала ўсё, што яны спяваюць, на памяць... Пры гэтым мова, на якой спявалі, была ёй незнаёмай. Дома нікога не было, Семіраміда нават танчыла, была такой шчаслівай... Яна думала: “Вось маці прыйдзе, і я праспяваю ёй адзін куплет, а яна перакладзе, калі зможа”. Але калі маці і дачка, нарэшце, прыйшлі, усе словы з яе галавы прапалі.

Неверагодная духата таго лета пагаршала ўнутраныя пакуты жанчыны; ёй хацелася ўцячы ад самой сябе. Калі б яна магла вылезці са сваёй скуры і некуды ўцячы – тут жа зрабіла б гэта.

Яе вельмі цікавіла, што ж азначаюць здані, якія яе наведалі. На рынку яна спытала ў пажылой асірыйкі, як раней маліліся іх суайчыннікі, і тая сказала, што з песнямі і танцамі. З гэтага часу яна магла не піць наогул, незалежна ад таго, хацелася ёй гэтага ці не.

На дне


Пасля таго, як Семіраміда пачула спевы старажытных асірыйцаў, яна вырашыла, што ў яе ўсё будзе добра, і ўзялася за рашэнне іх з маці жыллёвага пытання. Яна звярнулася да ўлад, каб тыя прызналі падвал іх законным жыллём.

Калі Вардзія даведалася пра гэта, то вельмі лаяла дачку:

– Навошта ты лезеш у тое, чаго не разумееш! Дзе мы цяпер будзем жыць? – крычала яна.

– Усё будзе добра! – упэўнена адказвала Семіраміда.

Але маці не памылілася: іх сапраўды папрасілі вызваліць падвал. Адна знаёмая параіла Семірамідзе ісці вартаўніком у садоўніцкае таварыства, якое знаходзілася за трыццаць кіламетраў ад Растова-на-Доне. Яна ўладкавалася неафіцыйна, таму што прапіскі не было. Плацілі ёй замест дзвюх тысяч восемсот рублёў, але жанчыны і гэтаму былі рады. Жылі яны ў халодным жалезным фургоне, было страшна, таму для аховы яны завялі сабак, да якіх ставіліся, як да родных. Вардзія ездзіла на рынак гандляваць, таму што інакш яны памерлі б з голаду. Сама Семіраміда баялася ездзіць на рынак, каб зноў не пачаць піць, патрапіўшы ў звыклае становішча. Жылі так дрэнна, што ім дапамагалі бамжы.

Адзін раз Вардгес прыйшоў да іх – ні ў чым не абвінавачваў, але ўсё са скрухай уздыхаў і дакорліва ківаў галавой, нібы кажучы: вось да чаго дажылі! А праз нейкі час ён памёр. Як аказалася, апошнія гады ён жыў у свайго бацькі. Малодшая дачка адвезла Семіраміду на пахаванне. Калі яны прыехалі, труна стаяла ўжо ў аўтобусе. Краем вока маці, якая страціла сына, убачыла сваю сястру і яе сябровак.

На iмгненне яна ўбачыла свайго сына з усмешкай на твары... Трэба было залезці ў аўтобус. Кожны крок ёй даваўся з вялікай цяжкасцю. Семіраміда папрасіла дачку ўвайсці ў аўтобус і цягнуць яе за руку, а сама, стаўшы на калені, забралася ў яго. Дачка ціха плакала. Маці паглядзела на таго, хто ляжаў у труне. Гэта быў апухлы чалавек, не падобны на яе сына. Але раптам на імгненне, замест яго, яна зноў убачыла сына – такім, якім ён жыў у яе сэрцы.

Выбраўшыся з аўтобуса, асірыйка з раздражненнем паглядзела на сястру: “Вось, паказвае перад сяброўкамі добрую цётку, галосіць!” Сама ж яна сядзела моўчкі. Яна не плакала нават тады, калі насіла ў кішэні маленькага мёртвага сына, зачатага ад адзінага мужчыны, якога кахала. Праз нейкія неразумныя ўмоўнасці дзіцяці не далі нармальна нарадзіцца і жыць... Яе думкі перарваў пляменнік, які падышоў і папрасіў сысці, бо “яго маці нервуецца”.

Семіраміда ўбачыла боль у вачах сваёй дачкі, якой было горка ад таго, што так абыходзяцца з яе маці. “Разам з сынам у мяне памерлі і сваякі”, – толькі і сказала асірыйка. Яны селі ў таксі і з’ехалі. Пасля гэтага ногі зусім перасталі яе слухацца, яна магла зрабіць толькі некалькі крокаў. Праз год давялося пакінуць і сады. Малодшая дачка змагла перапазычыць грошай, а старэйшая знайшла маленькі домік без дакументаў у закінутай вёсцы, куды можна было перасяліцца. Жыць там было складаней за ўсё.



Зіма ў тым годзе была нясцерпна халодная. Сцюжа прымушала думаць пра набліжэнне канца. З ежай было цяжка. Сабакі, якія не толькі мяса не бачылі, але і хлеба ніколі не елі ўволю, неўзабаве памерлі ад голаду. Семіраміда зразумела, што на чарзе яны самі. А тут яшчэ Вардзія паехала па пенсію ў Растоў-на-Доне і ў яе прапала памяць. Яе не было восем дзён. Дачка ўжо не спадзявалася яе ўбачыць, калі тая з’явілася ў двары. Ногі яе апухлі, і яна не магла ўспомніць, дзе была гэтыя дні.

Дапамога Свяціцеля Мікалая


Часам адзін стары дапамагаў ім ежай. Ён параіў маліцца Свяціцелю Мікалаю, які дапамагае ўсім, хто гіне. Адкуль гэты стары ўзяўся? Быццам бы не мясцовы. А прыходзіў заўсёды менавіта тады, калі жанчыны пачыналі думаць, што ўсё скончана.

– Ты прасі Свяціцеля Мікалая, ён дапаможа табе! – кожны раз гаварыў ён Семірамідзе. А тая больш нічога і не магла, як толькі маліцца. Яна была згодная і памерці – такой была яе стомленасць. Жанчына папрасіла свайго новага знаёмага расказаць ёй пра святога, у якога ён ім параіў прасіць дапамогі.

– Ён вельмі строгі, але ў той жа час і такі добры, – задуменна сказаў стары. – Аднойчы ён быў на Сусветным Саборы ў горадзе Нікеі, у той час Царкве трэба было адказаць Арыю, які вучыў, што ў Хрысце ўвасобіўся не Бог. Арый быў чалавекам незвычайнай вучонасці і такі красамоўны, што ўсё яму верылі; для разбору створанага ім вучэння пры падтрымцы першага хрысціянскага імператара Рыма быў скліканы першы ў гісторыі Царквы Сусветны Сабор, на які прыехала трыста васямнаццаць епіскупаў, і ўсе яны не маглі знайсці слоў, каб даказаць, што арыянства – гэта лжэвучэнне. Не знайшоў слоў і Свяціцель Мікалай, які ўдарыў ерэтыка...

– Гэта ён таму святы? – скептычна спытала Семіраміда. – У мяне першы муж, ледзь што, адразу ўсіх па мордзе біў, а святасці ў ім не было ні кроплі...

– Не пагэтаму, канечне, – засмяяўся стары. – Вось бачыш, і я як след не магу табе нічога растлумачыць... Тады ён ужо быў епіскапам, а епіскап, калі каго ўдарыць, то яго за гэта пазбаўляюць свяшчэннага сану. А для Свяціцеля Мікалая сан быў даражэйшы за ўсё! Твайму-то былому мужу, калі ён каго ўдарыць, што за гэта было?

– Ды нічога яму не было ніколі! – засмяялася асірыйка, якой у параўнанні з яе цяперашнім становішчам нават жыццё з кішэннікам і задзірам здалося чымсьці пацешным. – Праўда, мала я з ім пражыла. А вось каханка майго за тое, што ён кагосьці ўдарыў...

Ком у яе горле не даў гаварыць – замест слоў вырывалася клекатанне, і раптам жанчына заплакала, хоць раней слёз у яе не было. Як быццам учора яна была побач з Тыгранам, расстанне з якім зламала ім жыццё... “Прычына не ў яго бойцы, а ў тым, што я дазволіла забіць наша з ім дзіця!” – рэзка асекла сябе Семіраміда. Жыццё магло б быць зусім іншым, – падумалася ёй, – і не бамжыхай, а прынцэсай яна была б з тым, хто кахаў яе і каго кахала і цяпер кахае яе сэрца да такой ступені, што ад адных успамінаў пра яго хворая старая жанчына раптам стала прыгожай. А дзядок як быццам бачыў усё, што адбывалася ў яе душы.

– Гляджу, ты мяне зразумела, – сказаў ён. – Дык вось, Свяціцеля Мікалая тады Сабор пазбавіў сану за тое, што ён усяго толькі раз у сваім жыцці ўдарыў чалавека за тое, што той ламаў людскія душы сваім красамоўствам...

– А чаму ж такім дрэнным было яго вучэнне? – спытала асірыйка, мала разумеючы ў тонкасцях багаслоўя.

– Як вам растлумачыць... – задумаўся яе суразмоўца. – Хрысціянства – гэта рэлігія, якая вучыць таму, чаго па ўсіх законах чалавечай логікі не можа быць: што Сам Бог для таго, каб выратаваць людзей, у Хрысце злучыўся з чалавечай прыродай. Арый разважаў лагічна, таму яму здавалася, што намнога больш правільна будзе верыць у тое, што ў Хрысце ўвасобіўся толькі адзін з найвышэйшых духаў, вялікі, але створаны. А Свяціцель Мікалай сэрцам адчуваў тое, што Царква спявае ў адным з песнапенняў: “не Хадатай, не Анёл, але Сам Гасподзь увасобіўся”... Але не было ў яго слоў, каб абвергнуць найвучонейшага багаслова таго часу, вось і даў ён яму аплявуху...

– Атрымліваецца, што ад бяссілля? – уздыхнула жанчына.

– Ад чалавечай немачы, у якой здзяйсняецца сіла Боская. Яго ўчынак быў такім незвычайным, што прыцягнуў увагу ўсіх айцоў Сабора; яны пачалі яшчэ больш старанна шукаць пярэчанні ерэтыку і знайшлі іх. А многім з іх былі пасланні ад Госпада, пасля якіх Свяціцель Мікалай быў апраўданы і яму вярнулі архірэйства.

– А ў мяне былі пасланні ад Госпада? – выкарыстала магчымасць даведацца меркаванне такога дасведчанага чалавека асірыйка і расказала пра тое, што бачыла і што гэтаму папярэднічала.

– Давай толькі без крыўды, але гэта называецца дэлірый, – усміхнуўся стары. – Думаю, што табе тады не пашкодзіў бы галаперыдол. Але Бог і зло ператварае ў дабро; высновы ты з усяго гэтага зрабіла правільныя, раз перастала піць...

– Значыць, гэта не духоўныя бачанні? – пакрыўджана спытала Семіраміда.

– Давай разбяромся, што значыць духоўныя, – засмяяўся яе суразмоўца. – Ёсць свет побач з намі, які мы не бачым, і гэта вельмі добра для нас, таму што чалавек у хворым стане не можа без небяспекі для сябе бачыць свет духаў. Змены, якія людзі робяць са сваім целам наркотыкамі, алкаголем, голадам, чым-небудзь яшчэ могуць даць ім магчымасць бачыць нейкія фрагменты духоўнага свету, але, як правіла, цёмнай яго часткі. Гэта з’яўляецца разбуральным для чалавека, які мае грубыя грахі; у яго можа развіцца хранічнае псіхічнае захворванне. І наогул не трэба шукаць містычных бачанняў. Хіба хоць адзін раз у Святым Пісанні гаворыцца, што той, хто іх не мае, недасканалы? Там напісана, што зусім іншае ўяўляе сапраўдную каштоўнасць для чалавека: любоў да Бога і бліжніх, чысціня сэрца.

Ён не раз так з імі гаварыў. Расказваў і пра трох дачок аднаго нядрэннага, але не надта маральна ўстойлівага чалавека, які пасля таго, як збяднеў, пачаў думаць, як бы яму прыстроіць іх куды-небудзь каханкамі, калі не горш... І як Свяціцель Мікалай ноччу цішком пагрукаў у акно яго хаты і кінуў туды скрутак з залатымі манетамі. Бесталковы бацька распарадзіўся імі правільна, выдаўшы замуж старэйшую дачку, і архіепіскап кінуў яму праз нейкі час другі скрутак, які ўладкаваў сярэднюю дзяўчыну, а затым і трэці, які дапамог малодшай...

– Чароўная казка – грукат у акно тры разы і нечаканы падарунак, які змяняе жыццё з беспрасветнага змроку да сонечнага святла! – задуменна сказала Семіраміда. – Але гэта толькі казка, хіба так бывае ў нашым звычайным жыцці?

– Бывае, – упэўнена адказаў ёй стары.

Ён расказаў ёй і пра нявінна асуджаных вяльмож, якіх Свяціцель выратаваў ад незаслужанай кары. Яны былі сведкамі таго, як Свяціцель Мікалай выхапіў меч з рук ката, не даўшы пакараць смерцю трох абылганых гараджан, чыя невінаватасць потым была даказана. Гэтых саноўных людзей уразіла тады не толькі бясстрашша архірэя, які спыніў пакаранне, але і тое, як блізка да сэрца ён прыняў чужую бяду і – самае дзіўнае – ён дзейнічаў з такой уладай, што не паслухацца яго было немагчыма.

Праз нейкі час дапамога спатрэбілася ўжо гэтым вяльможам: сталічны мэр абылгаў іх перад імператарам, прад’явіўшы цяжкае абвінавачванне ў дзяржаўнай здрадзе, пакараннем за якую была смерць. Няшчасныя ў вязніцы ўспомнілі тады Свяціцеля Мікалая. “Калі б ён быў тут, то і нас выратаваў бы, як тадых гараджан!” – падумалі яны. І хоць святы быў далёка ад іх, нявінна зняволеныя звярнуліся да яго з гарачай просьбай, верачы, што ён пачуе іх, нягледзячы на адлегласць.

І Свяціцель Мікалай сапраўды іх пачуў. Ён з’явіўся ў сне імператару і мэру; быў новы разгляд справы, у выніку якога саноўнікаў не толькі апраўдалі, але і вярнулі ім усе правы.

Расказваў і пра тых, хто гінуў у моры, і шмат усяго іншага. Асірыйцы стала здавацца, што Свяціцель Мікалай – самы родны з усіх, хто ў яе ёсць; асабліва ўразіла яе, што, як ёй здавалася, у тым, як ён пацярпеў, абараняючы веру на Сусветным Саборы, ёсць нешта падобнае на тое, як пацярпеў Тыгран... Што Тыгран быў усяго толькі задзірам, яе было не пераканаць: яна дакладна ведала, што ён найлепшы з усіх людзей, якія калі-небудзь жылі на свеце... Яна пастаянна малілася Свяціцелю, ласкава звяртаючыся да яго “Міколушка”. Семіраміда думала, што не будзе ён праз гэту вольнасць злавацца на старую хворую асірыйку, якая жыве, чакаючы смерці. Успамінала даўно прачытаны ўрывак з кнігі, якую дала ёй у нядаўнім яшчэ, але ўжо сцёртым новым смуткам мінулым яе сяброўка манашка, і ўрывак старажытнага жыція, якое чытаў прадавец гадзіннікаў... І ёй чамусьці стала здавацца, што Свяціцель абавязкова здзейсніць цуд і ў яе жыцці, падобны на адзін з тых, пра якія расказваў ёй дзядок...

Бывала, што яна гадзінамі сядзела перад невялікай папяровай іконкай (сіл стаяць не было: ногі не слухаліся), размаўляючы з намаляваным на ёй святым цудатворцам, як з самым блізкім чалавекам, дзелячыся з ім нягодамі жыцця:

“...Мой каханы прыходзіў, калі я яшчэ не выйшла замуж. Аказваецца, у яго быў суд за бойку, і яму далі шэсць месяцаў турмы. Ён вызваліўся, прыйшоў і, убачыўшы маю сяброўку-армянку, папрасіў яе паклікаць мяне. Але яна яго падманула, пазайздросціўшы мне, і сказала, каб ён мяне не турбаваў: я кахаю іншага. Яна хацела застацца з ім, але ён пайшоў. І гэта найлепшая мая сяброўка! Зайздрасць – гэта страшна...”

Другім сардэчным болем быў памерлы сын. “Калі сястра прынесла ліст ад мамы, я пацалавала сына, аддала з рук у рукі сястры (яна чакала ў калідоры). Што прымусіла мяне зрабіць такі ўчынак: у цвярозым стане сваімі рукамі аддаць сына іншай жанчыне, хай нават роднай сястры?! Я і цяпер не магу гэтага растлумачыць. Калі б я ведала, што губляю сына назаўсёды...” Скардзілася на сябровак: “Адно я зразумела: калі ты больш шчаслівая, чым твая сяброўка, то аўтаматычна становішся яе ворагам. Але калі ты зусім унізе, ты ёй не патрэбна, ты ёй не сапернік. Калі родныя ад нас адварочваюцца, то што гаварыць пра чужых людзей? Няма сляпога большага, чым той, які не хоча бачыць...” Скардзілася яна і на бацьку сваіх дачок: “У Растове ён стаў гуляць на скачках. І гэтым сам усё разбурыў. У мяне пачынаўся нервовы зрыў. Я ведала, якія супакаяльныя лекі мне трэба... І я безразважна стала рабіць яму назло. Ён – на скачкі, а я – у бутэльку. Ён мне надакучыў. Мала таго, што грошай я не бачыла, ён яшчэ стаў мне грубіяніць. Я не анёл бяскрылы, я чалавек. У кожным чалавеку сядзіць д’ябал, але ўва мне яго было занадта многа...” Часам, звяртаючыся да святога, Семіраміда пачынала філасофстваваць, спрабуючы асэнсаваць сваё жыццё: “Я ўсё раскажу: як была растаптана жорсткай праўдай жыцця, як мае мары і надзеі былі забіты бязлітасным лёсам. Хто абароніць грэшную жанчыну? Вельмі страшна, калі адварочваюцца тыя, хто быў даражэйшы за жыццё... Зло прымае мноства абліччаў і выкарыстоўвае самыя вераломныя хітрасці”.

Вардзія таксама малілася перад гэтай іконай, але не так “папросту”, як яе дачка. Яна лічыла, што прасіць дапамогі святога трэба з павагай, не загружаючы яго лішняй інфармацыяй. Ёй горка было глядзець на Семіраміду: у глыбіні душы старая асірыйка адчувала, што калі б яна не прымусіла дачку пазбавіцца ад дзіцяці, усё яе жыццё была б іншым...

Вардзія прасіла прабачэння за ўсё, што зрабіла не так, звярталася па дапамогу – больш не для сябе і дачкі, а для ўнучкі: “Яна ні ў чым не вінаватая! Проста вельмі прывязаная да маці. Ёй бы выйсці замуж даўно, жыць нармальным жыццём, а яна, не бачыўшы нічога ў ім, ні за што, па добрай волі дзеліць з намі гэты кашмар! Мы хоць пажылі, усякае пабачылі, а яна ж за што пакутуе?”

Чым большымі былі знешнія цяжкасці, тым больш гарачымі былі малітвы жанчын, якія знаходзіліся, здавалася б, у безнадзейным становішчы.

...Часам Вардзія аўтастопам ездзіла ў Растоў-на-Доне. Аднойчы ноччу пасля малітвы Семіраміда і яе дачка пачулі грукат у акно – тры разы. Выглянулі – нікога не было. Становішча іх было значна горшае, чым звычайна, і дабрадзейны стары кудысьці знік апошнім часам. Раніцай Вардзія сабралася ў горад. Калі яна стаяла на трасе, джып, які праязджаў міма, здаў назад. З яго выйшаў прадстаўнічы мужчына і, даведаўшыся, куды яна едзе, прапанаваў падвезці. У горадзе ён даў ёй канверт, у якім было шэсцьдзясят тысяч рублёў і папяровая іконка. Ён узяў і таксі, якое адвезла Вардзію дадому. А калі грошы скончыліся, ён прыехаў да іх, дапамог выбрацца з гэтай вёскі і купіць дом.

Семіраміда памерла раней за сваю маці. Вардзія з унучкай былі побач з ёй у апошнія гадзіны. І вось зямны шлях пакутніцы скончыўся. Маці сумна паглядзела на дачку, якая адмучылася: твар яе зараз, як і ўвесь апошні час, быў спакойны. Вардзія сказала ўнучцы:

– Я ў дзяцінстве часта расказвала ёй казку пра ўсходнюю царыцу Семіраміду. У паданні гаварылася, што яна не памерла, а ператварылася ў галубку. Вось і мая дачка, твая маці, цяпер вызвалілася ад многіх ланцугоў гэтых зямных пакут і адправілася да Бога...

– Але хіба жыццё такое, што зусім не варта жыць? – спытала яе ўнучка.



– Не, шмат добрага ёсць і ў гэтым жыцці. Проста трэба ўмець гэта бачыць. Звычайна нам бывае мала таго, што мы маем – колькі ні дай, хочацца яшчэ і яшчэ. А трэба ўмець быць удзячным Богу за тыя рэчы, якія многія нават і не заўважаюць. Бо складана ацаніць, якой найвялікшай каштоўнасцю з’яўляюцца свабода, адсутнасць моцнага болю, голаду, калі ёсць дах над галавой...

Унучка паглядзела на бабулю, якая прайшла ў сваім жыцці і заключэнне ў Мардовіі, і хваробы, і пошук прытулку, і галоднае жыццё, і заплакала.

– Не плач, дарагая, – сабраўшы сілы, усміхнулася тая і абняла яе. – Цяпер у цябе ўсё будзе добра!

Аднак на сэрцы ў яе было неспакойна. Яна адчувала, што шлях пакут для яе і яе дачкі скончаны, а вось унучцы яшчэ шмат дрэннага прыйдзецца ўбачыць у жыцці.

Вардзія таксама нядоўга пражыла пасля таго, як пахавала дачку. Яна і Семіраміда памерлі ў згодзе з Богам і людзьмі, а старэйшая дачка Семіраміды, якая жыла з імі, засталася працаваць пры храме. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

***

Чалавек, які ім дапамог, – Міхаіл Іванавіч Чэпель, зараз ужо іераманах Міхаіл. Ён дапамагаў многім людзям абсалютна бескарысліва. Радкі пра грукат у акно нагадваюць фрагмент з жыцця Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, які кідаў у акно вузельчыкі з золатам, ратуючы ад маральнай пагібелі трох дзяўчат. І на гэты раз праз айца Міхаіла ён дапамог пазбегнуць гібелі гэтым тром жанчынам.

Гісторыя зламанай жыццём жанчыны сведчыць пра тое, што Богу дарагі кожны чалавек, як бы глыбока ён ні памыляўся ў жыцці і наколькі моцна ні быў хворы. На шчасце, сярод нас усё яшчэ ёсць тыя, каму неабыякавая чужая бяда, хто гатовы не на словах, а рэальна дапамагчы тым, хто пакутуе і не прыняты іншымі, а значыць, не ўсё яшчэ страчана для гэтага свету...

Скончыць гэтую аповесць хацелася б цудоўнымі словамі мітрапаліта Антонія (Блума) пра Свяціцеля Мікалая: “Калі чытаеш яго жыццё, дзівішся, што ён не толькі пра духоўнае клапаціўся; ён клапаціўся пра кожную чалавечую патрэбу, пра самыя сціплыя чалавечыя патрэбы. Ён умеў радавацца з тымі, хто радуецца, ён умеў плакаць з тымі, хто плача, ён умеў суцешыць і падтрымаць тых, каму патрэбны былі суцяшэнне і падтрымка. І вось чаму народ, мірлікійская паства, яго так палюбіла і чаму ўвесь хрысціянскі народ так яго шануе: нічога няма занадта нікчэмнага, на што ён не звярнуў бы ўвагі сваёй творчай любові. Няма нічога на зямлі, што здавалася б нявартым яго малітваў і нявартым яго працы: і хвароба, і беднасць, і абяздоленасць, і абняслаўленасць, і страх, і грэх, і радасць, і надзея, і каханне – усё знайшло жывы водгук у яго глыбокім чалавечым сэрцы. І ён нам пакінуў вобраз чалавека, які з’яўляецца святлом Боскай прыгажосці, ён нам у сабе пакінуў як бы жывую, дзейную ікону сапраўднага чалавека. Але пакінуў ён нам яе не толькі для таго, каб мы радаваліся, захапляліся, здзіўляліся; ён нам пакінуў свой вобраз для таго, каб мы ад яго навучыліся, як жыць, якой любоўю любіць, як забываць пра сябе і памятаць бясстрашна, ахвярна, радасна пра ўсякую патрэбу іншага чалавека”.

 

ЗАМЕСТ ПАСЛЯСЛОЎЯ


Дарагі Аляксей Аляксандравіч, безумоўна, яе гісторыя мяне вельмі кранула, але галоўны лейтматыў пастаянна гучаў у яе словах: “Я заўсёды малілася Міколушку”. Нават дайшоўшы да стану бамжоў, яна мела моцную веру. Не ведаю, хто быў той мужчына, але ён усяліў і падтрымліваў у ёй фантастычную веру. Яны дайшлі да самага дна: бабуля, маці і ўнучка спалі разам з сабакамі, каб зімой было цяплей. Шыбаў у доме амаль не было, і, замест іх, была наклеена мутнаватая поліэтыленавая плёнка.

Гэта была марозная зіма, калі я сустрэў на дарозе бабулечку. Мы ехалі хутка, так трэба было праехаць з Кубані ў Калмыкію, і спадарожнікаў не бралі. Так мы праляцелі і міма бабулі, якая адзінока стаяла і нават не галасавала. Верагодна, страціла ўсякую надзею на дапамогу. Не ведаю, што прымусіла мяне спыніцца, проста я сказаў шафёру: прытармазілі, разварочваемся, дапаможам бабулечцы. Потым дадаў: “Штосьці тут не тое!” Від у бабулі быў адпаведны, але нейкі ахайны. Па дарозе разгаварыліся – сказала, што едзе ў Растоў да некага на пахаванне і, можа, раздабудзе грошыкаў, бо яна і яе блізкія цалкам жабракі.

На трасе Растоў – Стаўрапаль мы развіталіся. Аддалі ёй усе нашы прысмакі – смажаныя піражкі з рознымі начынкамі, грошы з тых, што называюцца загашнікам. А бабуля, дарэчы, не патраціла ні капейкі і ўсё прынесла дадому. Потым раздалі невялікія накопленыя даўгі. Спытаў, як яе завуць. Спыніў таксі, вельмі пераканаўча папрасіў маладога хлопца давезці бабулечку як сваю. Хлопец таксама аказаўся малайцом, у Растове не пакінуў яе і ўсё зрабіў як трэба.

Прайшло прыкладна паўмесяца, мароз мацнеў, тэмпература вельмі нізкая для Кубані – каля -25. Пачала балець душа па бабулі. Дзе яна, што з ёй. Куды ехаць – толкам не ведаю, адраса не ведаю, толькі імя і прозвішча, а сэрца не дае спакою. Пытанняў шмат: адкуль яна выйшла на дарогу ці перабівалася на перакладных і г.д. Набіраю прадуктаў: кашы, каўбасы, сыры, алей, чай, цукар, каву, сухары, запалкі, два мяхі бульбы – і адпраўляю шафёраў Дзмітрыя і Сяргея: паспрабуйце знайсці бабулю з сям’ёй. Калі на тое будзе воля Божая – знойдзеце. Доўга мучыліся, але знайшлі. Хлопцы самі загарэліся дапамагчы. Я даў наказ: пастарайцеся, мы тут пануем, а людзі з голаду і ад холаду паміраюць. Яны знайшлі іх: вёска пакінутая, людзі баяцца выходзіць з дамоў, дарог няма, дашчаныя насцілы. Мясцовых жыхароў вельмі бянтэжылі машыны, і людзі не хацелі ісці на кантакт, думаючы, што гэта нейкія бандыты, але, калі не памыляюся, той мужчына, які даваў наказ ім у веры, ён і даў адрас. Жывуць у вёсцы інваліды, людзі з выродлівасцю і старыя. Страх нават іх праняў. Вярнуліся, узрушаныя ўбачаным.

Вырашыў не пакідаць гэтую сям’ю, знайсці і купіць хоць нейкі домік з прапіскай. Удалося купіць нармальны домік, і нават з участкам зямлі. Накупілі вуглю, дроў. Прыехалі па іх, забралі і перавезлі. У камісіёнцы ўзялі нядрэнную мэблю. Дом да іх прыезду быў гатовы. Дапамагалі добрыя хрысціянкі з грэкаармян.

Бабулечка і дачка з удзячнасцю ўспамінаюць мужчыну, які настойліва гаварыў пра веру і свяціцеля Мікалая. Дзіўна было тое, што, чым больш яны апускаліся і жылі ўжо так некалькі гадоў, тым больш умацоўвалася іх вера і надзея. Надзвычайная сіла духу. Сама аўтар аповеду толькі ўсміхалася, кажучы пра гэта, паўтарала: я заўсёды-заўсёды-заўсёды верыла ў Міколушку. Зараз абедзвюх малітвенніц няма сярод жывых, адбіліся вельмі жорсткія нягоды жыцця, але ўнучка – малайчына, працуе пры храме ў адной з кубанскіх станіц з той жа гарачай верай у Свяціцеля Мікалая.

Можа, і спатрэбіцца вам для развіцця сюжэта, як пішуць у кнігах, усё выкладзеныя падзеі пабудаваны на рэальных фактах.



З глыбокай падзякай і. М.